Лідары апазіцыі сустрэнуцца з дэлегатамі сесіі ПА АБСЕ
Менская дэкларацыя будзе прынята па выніках дыскусій на 26-й летняй сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Як паведаміў нашаму радыё сустаршыня Беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў Віталь Рымашэўскі, падчас правядзення сесіі ПА АБСЕ лідары апазіцыі правядуць шэраг сустрэчаў з дэлегатамі розных краінаў, якія прыедуць ў Менск, і будуць закранаць перш за ўсё пытанні палітвязьняў у краіне:
– Правядзём шэраг сустрэч. Мы падтрымліваем тыя рэзалюцыі, якія сёння рыхтуюцца ў дачыненні да Беларусі. Просім зрабіць акцэнт на вызваленне палітвязняў. Зараз многія людзі па „справе патрыётаў”, якіх мы прасілі Парламенцкую Асамблею ўнесці ў сваю рэзалюцыю, вызваленыя. Мы будзем патрабаваць спынення крымінальных спраў у дачыненні да іх. Таксама будзем патрабаваць вызвалення ўсіх палітвязняў.
Летняя сесія ПА АБСЕ пройдзе ў Менску 5-9 ліпеня і будзе прысвечана ўмацаванню ўзаемнага даверу і супрацы ў імя міру і дабрабыту ў рэгіёне.
Афіцыйны Менск прапануе да разгляду рэзалюцыю „Распрацоўка своечасовых і эфектыўных заканадаўчых, нарматыўных, адміністрацыйных мер рэагавання на з’яўленне новых псіхаактыўных рэчываў”.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя