Лідары апазіцыі сустрэнуцца з высокапастаўленымі еўрапейскімі чыноўнікамі
Лідары беларускіх апазіцыйных структур сустрэнуцца з высокапастаўленымі еўрапейскімі чыноўнікамі. Менск наведаюць, сярод іншых, спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Андрэа Рыгоні ды намесніца кіраўніка Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапарламенце Сандра Калініэтэ.
Як лічыць лідар Руху „За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, магчыма, што апазіцыя дамовіцца, пра што яе лідары хочуць распавесці заходнім чыноўнікам, але нічога страшнага, калі гэта будуць розныя погляды:
– Ёсць больш радыкальная частка апазіцыі, ёсць больш эвалюцыйная. І гэта натуральна. Мы можам прапаноўваць розныя варыянты сцэнароў. Але ў адзіным мы заўсёды разам – гэта тое, што незалежнасць Беларусі пад вялікай пагрозай. І зараз гэта не толькі магчымыя варыянты, гэта ўжо рэальныя варыянты. Па-другое, сітуацыя з правамі чалавека павінна паляпшацца. Выбары павінны быць дэмакратычнымі. Гэта мы будзем адстойваць.
„У гэтых візітах няма доўгатэрміновага бачання, якой Еўразвяз хоча бачыць сваю суседку Беларусь і што ён гатовы рабіць у яе кірунку,” – каментуе старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. І таксама падкрэслівае, што пакуль апазіцыя не мае адзінага сцэнару, як правесці сустрэчы з Рыгоні і Калініэтэ:
– Для часткі гэтыя прапановы прымальныя, для часткі – не. Вылучаюцца нейкія альтэрнатыўныя прапановы. Таму на сённяшні момант яшчэ заўчасна было б казаць, што такія дамоўленасці ёсць, але я перакананы, што яны будуць.
Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу заяўляе, што разлічвае на пачатак добрага дыялогу ў адносінах па лініі Беларусь — Еўропа. Прынамсі, адносіны паміж Беларуссю і Еўрапейскім Звязам сёння не такія туманныя, як раней», — заявіў кіраўнік краіны.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя