Лідары апазіцыйных структур балатуюцца ў дэпутаты практычна па палове менскіх акруг
У дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання па 9 з 20 выбарчых акруг Менска балатуюцца лідары апазіцыйных структур. Пра гэта сведчаць дадзеныя аб зарэгістраваных кандыдатах, апублікаваныя на сайце Цэнтрвыбаркама.
За дэпутацкі мандат па Васняцоўскай акрузе № 93 будзе змагацца старшыня аргкамітэта па стварэнні Беларускай партыі працоўных Аляксандр Бухвостаў, вылучаны ад Беларускай партыі левых „Справядлівы свет”. Яго сапернікамі па акрузе выступаюць член Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) Андрэй Вароніч, член Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) Святлана Плавінская, член Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Валянцін Фралоў і беспартыйная Марына Шкроб.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў балатуецца ў дэпутаты па Купалаўскай акрузе № 95. Па гэтай жа акрузе ідуць член Беларускай партыі „Зялёныя” (БПЗ) Даніла Лаўрэцкі, Аляксандр Майскі (ЛДП), Аксана Арлова (КПБ), Пётр Папраўка (АГП), а таксама Таццяна Сайганава з Беларускай патрыятычнай партыі (БПП).
Па Чкалаўскай акрузе № 96 кандыдатам у дэпутаты зарэгістраваная новаабраны старшыня арганізацыйнага камітэта па стварэнні грамадскага аб’яднання „Маладыя хрысціянскія дэмакраты” (маладзёжнае крыло аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”) Надзея Гацак, якая вылучалася ад АГП. Яе апаненты — Алег Гарбуноў (КПБ), Таццяна Церахава (ЛДП), Максім Шклярык з Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Аксана Юшкевіч (Партыя БНФ), а таксама беспартыйны Андрэй Савіных. Апошні вядомы тым, што са снежня 2013 года займаў пасаду пасла Беларусі ў Турцыі, а да гэтага — прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў.
Сустаршыня руху салідарнасці „Разам” Алена Талстая, вылучаная ад Партыі БНФ, балатуецца па Паўднёва-Заходняй акрузе № 99. За мандат па гэтай жа акрузе змагаюцца беспартыйны Віталь Васілеўскі, Станіслаў Кубліцкі (БПП), Дзмітрый Курыльскі (ЛДП), Віктар Шаціла (КПБ ), Станіслаў Шашок (БСДП), Андрэй Шамятавец (АГП) і дзейны дэпутат член Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (РППС) Ігар Камароўскі.
Па Пушкінскай акрузе № 103 кандыдатам у дэпутаты ідзе сустаршыня БХД Вольга Кавалькова, вылучаная ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Разам з ёй па акрузе зарэгістраваныя Аляксей Алянцэвіч (РППС), Дзяніс Тушынскі (БПЗ), Арцём Чарнюк (ЛДП), Аляксандр Шмацін (КПБ), Павел Юхневіч (Партыя БНФ) і беспартыйны Васіль Панасюк — старшыня Мінскага гарадскога савета дэпутатаў.
Выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў балатуецца ў дэпутаты па Старавіленскай акрузе № 105. Яго сапернікамі выступаюць Яўген Караулаў (БСДП), Іван Літвінюк (ЛДП), Аляксандр Апарын („Справядлівы свет”), а таксама беспартыйныя Ігар Кірыленка і Святлана Любецкая.
Старшыня БСДП Ігар Барысаў будзе змагацца за мандат дэпутата па Коласаўскай акрузе № 106. Па гэтай жа акрузе ідуць Андрусь Асмалоўскі (Партыя БНФ), Вячаслаў Дзёмін (ЛДП), Аляксей Елісееў („Справядлівы свет”), Валерый Макавец (КПБ) і беспартыйны Сяргей Дзік.
Па Усходняй акрузе № 107 кандыдатам у дэпутаты зарэгістраваны старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Каспяровіч. Разам з ім па акрузе ідуць Андрэй Бажко з Рэспубліканскай партыі, Аляксандр Ванковіч (ЛДП), Наталля Гарачка (БСДП), Дзяніс Ранчынскі (КПБ), Святлана Сацукевіч (РППС), а таксама беспартыйны Генадзь Давыдзька — старшыня праўладнага грамадскага аб’яднання „Белая Русь”.
Намеснік старшыні партыі „Справядлівы свет” Валерый Ухналёў балатуецца ў дэпутаты па Партызанскай акрузе № 110. Яго сапернікі — Мікіта Краснакуцкі (БСДП), Станіслаў Траймак (КПБ), Арцём Чарняк (Партыя БНФ), Святлана Яцына (ЛДП) і беспартыйныя Тэнгіз Думбадзэ, Віктар Малатоўнік і Генадзь Урбановіч.
Па Каліноўскай акрузе № 108 у дэпутаты балатуецца Алег Гайдукевіч, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі, якая называе сябе апазіцыйнай.
Паводле дадзеных ЦВК, усяго зарэгістравана 560 кандыдатаў у дэпутаты.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада.
belapan.by