Лідары беларускай апазіцыі правялі прэс-канферэнцыю



Учора ўвечары ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі лідары беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Анатоль Лябедзька правялі прэс-канферэнцыю, на якой заявілі, што не прызнаюць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

„Нельга лічыць выбарамі спектакль, які сыграла  беларуская ўлада,” – сказаў паэт і палітык Уладзімір Някляеў. Па яго словах, падстаў для непрызнання выбараў больш чым дастаткова:

– Мы хочам звярнуць увагу не толькі на парушэнні, зафіксаваныя незалежнымі назіральнікамі, але і на псіхалагічны клімат, створаны падчас гэтай палітычнай кампаніі. Ніколі яшчэ гэтак гвалтоўна рэжым не заганяў людзей на выбарчыя ўчаскі на датэрміновае галасаванне, дзе, па досведу ўсіх ранейшых выбараў, адбываецца 100% фальсіфікацыя. Ніколі яшчэ так нахабна не скарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс. Таму гэты палітычны спектакль можна назваць як заўгодна, толькі не выбарамі. Гэта здзек над народам, над яго правамі, і ўсё гэта сталася фактам. І мы сёння заклікаем міжнародную супольнасць менавіта так ацаніць тое, што адбылося 11 кастрычніка 2015 года ў Беларусі, і гэтыя выбары ні ў якім разе не прызнаваць! Іх прызнанне прывядзе да катастрафічных наступстваў для нашай краіны і народа.

Мікалай Статкевіч: Спецаперацыя, якую чамусьці называюць прэзідэнцкімі выбарамі, адбылася так, як планавалі ейныя арганізатары. У 2010 годзе дзясяткі тысяч людзей выйшлі на Плошчу, бо былі дэмакратычныя кандыдаты, якія іх туды паклікалі. Зараз Лукашэнка перасцярогся, не было каму клікаць людзей на Плошчу, каб абараніць перамогу. Мы адразу вызначылі сваё стаўленне да гэтай кампаніі: тое, што адбылося, нельга назваць выбарамі, няма дэмакратычнага кандыдата, нашая пазіцыя – ігнараванне гэтай кампаніі.

Але мы скарысталі гэтую кампанію, каб крышку пашырыць прастору свабоды для Беларусі , для беларускага народа.  Мы правялі разам 4 супольныя акцыі. Мы па факту вярнулі беларусам магчымасць выказваць пратэст публічна. І, спадзяюся, крыху паменьшылі ровень страху ў грамадстве. На жаль, гэта былі вельмі сціплыя задачы. Але мы іх выканалі. Я спадзяюся, што мы выканалі і задачу непрызняння гэтых выбараў свабоднымі і дэмакратычнымі. Але тут нам дапамог сам спадар Лукашэнка.

Сёння мы мусім заявіць пра свае планы. У суботу была пачатая кампанія “Улада народу!”. Лукашэнка ўкраў выбары і такім чынам украў у беларускага народа магчымасць выбіраць уладу. Мэта нашай кампаніі – вярнуць уладу народу. Мы будзем заклікаць да ўдзелу ў гэтай кампаніі і іншыя дэмакратычныя арганізацыі і рухі, грамадзянаў.

Мы будзем выкарыстоўваць розныя формы, у тым ліку і вулічныя акцыі. Наступная наша акцыя запланавана на канец лістапада – у чорную дату беларускай гісторыі, у гадавіну рэферэндума 1996 года, па выніках якога спадар Лукашэнка здзейсніў антыканстытуцыйны пераварот – распусціў Парламент, прысвоіў сабе ўсю ўладу і нават працягнуў сабе на 2,5 гады знаходжанне ва ўладзе без выбараў. Па сутнасці, мы лічым, што Беларусь апынулася на раздарожжы, і цягам апошніх месяцаў гэтага года і пачатку наступнага, будзе відно, як будзе развівацца сітуацыя далей. Калі за гэты час улада не пойдзе на саступкі народу і не верне яму выбары, не будуць унесены рэальныя змены ў выбарчае заканадаўства, якія зробяць удзел у гэтых выбарах маючымі сэнс, то тады беларускаму грамадству застанецца толькі адзін сродак вяртання ўлады. На жаль, ён не будзе ўжо звязаны з выбарамі. Сацыяльная напружанасць будзе расці непазбежна.  І беларускі народ забярэ ўладу сілай. Хай спадар Лукашэнка вырашае, які сцэнар яму больш прыдатны.

Уладзімір Някляеў: Апазіцыя не вылучыла адзінага кандыдата, не змагла дамовіцца па адзінай стратэгіі, не змагла з’яднацца. Трэба ўсё мяняць, трэба ўрэшце падыходзіць да палітычных кампаній так як мусіць падыходзіць дэмакратычная апазіцыя ў сітуацыі, калі краінай кіруе таталітарны лідар.

Анатоль Лябедзька: Мы прапануем кансалідацыю ў межах адной кампаніі . Прапануюцца 3 асноўныя кірункі дзейнасці: па-першае, дзяржаўнасць і суверэнітэт; па-другое, свабодныя і сумленныя выбары. Ужо ў лістападзе мы прапануем усім зацікаўленым палітычным структурам падпісаць супольную заяву-зварот, якія змены ў выбарчае заканадаўства неабходна ўнесці за 6 месяцаў да парламенцкай выбарчай кампаніі. Такія прапановы мусяць быць адзіным пасланнеім ад усіх прыхільнікаў пераменаў. Трэцяе, пазітыўная эканамічная альтэрнатыва. Бо праблемы будуць толькі нарастаць, важна, каб да людзей мы ішлі з пазітыўнай эканамічнай альтэрнатывай.

Вось па гэтым кірункам і будзе працаваць апазіцыя. Гэта адкрытая праграма і да яе могуць далучацца іншыя палітычныя партыі і арганізацыі, — сказаў Анатоль Лябедзька.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск