Лідары БХД, РЭП і БСДГ асудзілі любыя праявы дэстабілізацыі ў краіне



У менскай штаб-кватэры прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці адбылася сумесная прэс-канферэнцыя лідараў БХД, РЭП ды БСДГ з нагоды таго, што з боку дзяржаўных асобаў зноў, як у часе прэзідэнцкіх кампаній 2006-10 гадоў, робяцца заявы нібы аб пагрозе дэстабілізацыі ў краіне і магчымых гвалтоўных дзеяннях з боку дэмакратычных сілаў. Між тым, ніводзін з агучаных фактаў не знайшоў дакументальнага пацверджання і не быў прад’яўлены шырокай грамадскасці, – кажуць сустаршыні БХД Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі.

Павел Севярынец:

– Выбараў у нас няма. А што тычыць нас, праца па ўскрыцці расейскай, або той самай тэрарыстычнай пагрозы, яна зараз нашмат важней, чым дэкаратыўная перадвыбарчая кампанія.

Віталь Рымашэўскі:

І важна таксама каб тыя, хто паспрабуе ў будучым рабіць такія заявы, ведаў, што ніводнае сур’ёзнае злачынства не будзе забыта, сыйшоўшы на пенсію, схаваўшыся, гэтыя людзі будуць знойдзены, выяўлены, усе іх дзеянні будуць асветлены, калі не ў справядлівым судзе, то хаця б у сродках масавай інфармацыі, каб кожны падумаў, перш чым далучыцца да наступнай правакацыі.

Удзельнікі прэс-канферэнцыі абвесцілі пра пачатак грамадзянскай кампаніі супраць тэрарыстычнай пагрозы і заклікалі ўсіх неабыякавых грамадзян далучацца да маніторынгу і выяўлення фактаў распальвання варожасці, заклікаў да гвалту – як з боку дзяржаўных установаў так і нефармальных ініцыятыў.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя