Лідары БНК наведалі Баранавічы
У Баранавічах прайшла сустрэча Уладзіміра Някляева і Мікалая Статкевіча з грамадскасцю.
На сустрэчы палітыкі распавялі пра цяперашнюю палітычную сітуацыю ў краіне, не абышлі пытанне магчымай анексіі Беларусі, калі ўсе перамовы Пуціна і Лукашэнкі адбываюцца за спінай народа. Пагаварылі пра будучыя прэзідэнцкія выбары, запрасілі ўступаць у Беларускі нацыянальны кангрэс. Кажуць удзельнікі сустрэчы Аркадзь Несцярук і Таццяна Малашчанка:
– Цікава і дзіўна, чаму Някляеў узяўся, як давераная асоба, дапамагаць Статкевічу па ўдзеле яго ў выбарах. Мусіць ён болей ведае, чым мы. Што тычыцца Статкевіча, я лічу вельмі сумнеўным ягоны ўдзел у выбарах. Хоць ён пазітыўны чалавек, але чамусьці людзі яму мала вераць.
– Мы чакаем ад іх дзеянняў, а не словаў. Калі такія сустрэчы ладзяцца, мы павінны чуць штосьці больш дакладнае.
Паводле Малашчанкі і Несцярука, было зададзена шмат пытанняў, але не на ўсе атрымалі канкрэтныя адказы. Хацелася б, каб іншыя палітыкі „хадзілі ў народ” таксама і гаварылі з людзьмі, але адказвалі канкрэтна, што рабіць у дадзенай сітуацыі.
Беларускае Радыё Рацыя