Лідары Францыі, Нямеччыны, Італіі і Румыніі наведалі Украіну (абноўлена)
Пасля сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім у Кіеве лідары Германіі, Італіі, Румыніі і Францыі выказаліся за неадкладны статус кандыдата на членства ў ЕЗ для Украіны.
Пра гэта паведамляе „Еўрапейская праўда” са спасылкай на BFMTV.
„Германія выступае за станоўчае рашэнне на карысць Украіны. Гэта датычыцца і Рэспублікі Малдова. Украіна з’яўляецца часткай еўрапейскай сям’і”, – сказаў Шольц, якога цытуюць нямецкія СМІ.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон таксама падтрымлівае гэты крок.
„У любым выпадку, мы падтрымліваем статус Украіны на далучэнне да Еўрапейскага звяза”, – заявіў Макрон.
Паводле яго слоў, гэты статус будзе суправаджацца дарожнай мапай, а таксама ўлічваць сітуацыю на Заходніх Балканах.
Як вядома, 17 чэрвеня чакаецца заключэнне Еўракамісіі па заяўках Украіны, Грузіі і Малдовы на ўступленне ў ЕЗ.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі праводзіць сустрэчу з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам, канцлерам Германіі Олафам Шольцам, прэм’ер-міністрам Італіі Марыё Драгі і прэзідэнтам Румыніі Клаўсам Ёханісам у Кіеве.

На сустрэчы будуць абмяркоўваць пытанні харчовай бяспекі, зброю і падтрымку Ўкраіны.

* * *
Ва Украіну прыехалі прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Олаф Шольц і прэм’ер-міністр Італіі Марыё Драгі. Яны ўжо ў Кіеве, дзе сустрэнуцца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, паведамляе svaboda.org.

Палітыкі наведалі Ірпень, дзе, як і ў іншых гарадах Кіеўскай вобласці, пасля адступлення расейскіх вайскоўцаў былі знойдзеныя дзясяткі цел мірных жыхароў. Ірпень атрымаў званне „горад-герой Украіны”. Гасцям з Еўразвязу паказалі сляды злачынстваў расейскіх войскаў.
У Кіеве сёння яшчэ адзін еўрапейскі палітык — прэзідэнт Румыніі Клаўс Яганіс. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Twitter. Ён самастойна даехаў у сталіцу Украіны з Бухарэста.

Іх місія — выказаць падтрымку народу Украіны ў барацьбе з расейскай агрэсіяй. 17 чэрвеня Эўракамісія разглядае, ці прызначыць Украіне статус краіны-кандыдата на сяброўства ў ЕЗ.
