Лідары G7 папярэдзілі Лукашэнку аб адказнасці за падтрымку расейскай агрэсіі
Лідары краін „вялікай сямёркі” выступілі з сумеснай заявай па выніках сустрэчы 24 сакавіка. Тэкст заявы апублікаваны на сайце Рады ЕЗ.

Краіны G7 заклікаюць Расею падпарадкавацца рашэнню Міжнароднага суда ААН аб спыненні ваенных дзеянняў ва Украіне і вывесці свае войскі з тэрыторыі Украіны, паведамляе reform.by.
«Мы працягваем заклікаць беларускія ўлады пазбягаць далейшай эскалацыі і ўстрымацца ад выкарыстання сваіх вайсковых сілаў супраць Украіны. Больш за тое, мы заклікаем усе краіны не аказваць ваеннай ці іншай дапамогі Расеі, якая дапаможа ёй працягваць агрэсію ва Украіне», – гаворыцца ў заяве.
Лідары краін G7 таксама папярэдзілі Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнку аб адказнасці.
„Мы не пашкадуем намаганняў, каб прыцягнуць прэзідэнта Пуціна і іншых архітэктараў і тых, хто падтрымлівае гэтую агрэсію, уключаючы рэжым Лукашэнкі ў Беларусі, да адказнасці за свае дзеянні”, – заявілі лідары краін „вялікай сямёркі”.
У заяве таксама выказваецца падтрымка беларусам, якія выступаюць супраць вайсковай агрэсіі ва Украіне.
