Лідары ГП пагутарылі са старшынём Канстытуцыйнага суда аб рэферэндуме
Апошнім часам вышэйшыя чыноўнікі Беларусі выказваюцца пра неабходнасць абнавіць Канстытуцыю краіны і прапануюць для гэтага правесці рэферэндум. Але акрамя намёкаў і незразумелых тлумачэнняў, чым выклікана такая неабходнасць і што трэба змяніць, няма нічога выразнага. Толькі заява ЦВК, што рэферэндум можна правесці за 2 месяцы.
11 красавіка лідары „Гавары праўду” Таццяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў сустрэліся з кіраўніком Канстытуцыйнага суда Пятром Міклашэвічам. Менавіта яму кіраўнік дзяржавы даручыў падрыхтоўку рэферэндумнай позвы. Яны перадалі пытанні „Народнага рэферэндуму”, а таксама План арганізацыі агульнанацыянальнай дыскусіі, якая павінна заняць год.
Сярод важных пунктаў – правядзенне з удзелам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і палітычных партый і арганізацый парламенцкіх слуханняў, слуханняў на базе раённых саветаў, правядзенне круглых сталоў у рэдакцыях рэспубліканскіх і мясцовых СМІ, стварэнне адмысловай праграмы на БТ, дзе будуць весціся дыскусіі па пытаннях рэферэндуму, а таксама правядзенне дыскусій у існуючых ток-шоу на іншых рэспубліканскіх і мясцовых тэлеканалах. Гэты план будзе перададзены і ў Адміністрацыю прэзідэнта.
Старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч падчас сустрэчы заявіў, што цяпер вядзецца падрыхтоўка зменаў у Канстытуцыю і збіраюцца розныя меркаванні, у тым ліку і міжнародны досьвед. Ён таксама падкрэсліў, што важна, каб абноўленая Канстытуцыя стала кампрамісам палітычных сіл у краіне.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота belarus.by