Лідары краін еўразоны збяруцца на надзвычайны саміт па Грэцыі



Прэзідэнт Еўрапейскай Рады  Дональд Туск склікае тэрміновы саміт для абмеркавання сітуацыі ў Грэцыі. «У святле вынікаў пасяджэння Еўрагрупы,  я вырашыў правесці Еўрасаміт у панядзелак, 22 чэрвеня .

xw_1060297

Прыйшоў час неадкладна абмеркаваць сітуацыю з Грэцыяй на вышэйшым палітычным узроўні „, – аргументаваў сваё рашэнне Дональд Туск.

Дырэктар-распарадчык МВФ Крысцін Лагард заявіла, што фонд не дасць больш адтэрміноўкі Грэцыі для даўгавых плацяжоў.

Паводле яе слоў, калі ўрад Грэцыі не заплаціць да 30 чэрвеня, Грэцыя апынецца ў стане дэфолту, паведамляе БіБіСі. На працягу бліжэйшых двух тыдняў Грэцыя павінна або дамовіцца аб рэструктурызацыі сваёй запазычанасці, або  абвясціць дэфолт у сувязі з невыкананнем чарговага плацяжу МВФ, які звыш паўтары мільярда еўра.

Пасяджэнне Еўрагрупы, якое прайшло ў чацвер у Люксембургу, завяршылася бязвынікова. Раней цэнтральны банк Грэцыі дапусціў выхад краіны з ЕЗ з-за недасягнення пагадненняў з крэдыторамі.

Тым часам у саміх  Афінах тысячы грэкаў пратэставалі супраць выхаду з еўразоны пад лозунгам „Мы застаемся ў Еўропе”. Пратэстоўцы патрабавалі ад  ураду знайсці агульную мову з крэдыторамі і застацца ў еўразоне. Як вядома, крэдыторы Грэцыі, у тым ліку МВФ і Еўрапейскі цэнтрабанк плануюць вылучаць краіне наступныя траншы дапамогі толькі пры ўмове правядзення пэўных рэформаў. Гаворка ідзе перш за ўсё аб скарачэнні дзяржаўных выдаткаў.

Беларускае Радыё Рацыя