Лідары краін G7 заявілі, што гатовыя да новых санкцый супраць Расеі
Лідары краін „Вялікай сямёркі” заклікалі Расею спыніць яе дэстабілізуючыя паводзіны, нацэленыя на падрыў дэмакратычных сістэм, а таксама падтрымку сірыйскага рэжыму. Сумеснае камюніке, якое падпісалі ўсе краіны G7, акрамя ЗША, апублікавана на сайце саміту „Вялікай сямёркі”.
У камюніке падкрэсліваецца, што краіны G7 прыхільныя аказанню дапамогі Украіне ў рэалізацыі праграмы рэформаў. Адзначаецца, што санкцыі супраць РФ працягваюць дзейнічаць у сувязі з тым, што яна не выканала свае абавязацельствы ў рамках Менскіх пагадненняў і не прадэманстравала павагу да суверэнітэту Украіны.
Лідары G7 дадалі, што адданыя падтрымцы расейскай грамадзянскай супольнасці.
Саміт G7 ў курортным гарадку Ла-Мальбе ў Канадзе прайшоў 8-9 чэрвеня на фоне эканамічных рознагалоссяў ЗША з Еўразвязам і Канадай, выкліканых тым, што 1 чэрвеня ўступілі ў сілу новыя амерыканскія пошліны на ўвоз сталі і алюмінія.
На прэс-канферэнцыі па выніках саміту прэм’ер-міністр Канады Джасцін Трудо сказаў, што камюніке падпісалі ўсе сем лідараў. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Штаты яго не адобрылі, улічваючы „хлуслівыя заявы” Трудо і велізарныя тарыфы, якімі Канада абкладае амерыканскія тавары.
Фота Jesco Denzel/German Federal Government via AP