Лідары міжнародных прафсаюзаў патрабуюць спыніць пераслед Фядыніча і Комліка



Генеральны сакратар Глабальнага саюза IndustriALL Вальтэр Санчэс і генеральны сакратар Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў (МПК) Шаран Бароў выказалі глыбокую занепакоенасць і абурэнне ў сувязі з нядаўнімі ператрусамі ў офісах Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў (БНП) і Беларускага прафсаюза работнікаў радыё-электроннай прамысловасці (РЭП) у сваім лісце на адрас прэзідэнта, міністра замежных спраў і генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь.

Яны адзначаюць, што абедзве арганізацыі з’яўляюцца сябрамі Глабальнага саюза IndustriALL, а таксама ўваходзяць у склад Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў і выказваюць абурэнне правядзеннем ператрусаў на кватэрах, затрыманнем і допытамі лідэраў і супрацоўнікаў апарата гэтых прафсаюзаў, адзін з якіх, Ігар Комлік, да гэтага часу застаецца пад вартай.

«У нас ёсць сур’ёзныя падставы меркаваць, што ўсе гэтыя дзеянні накіраваныя на падрыў дзейнасці незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі ў адплату за актыўную грамадзянскую пазіцыю прафсаюзных лідэраў і дзейнасць незалежных прафсаюзаў па абароне сацыяльна-эканамічных інтарэсаў працоўных Рэспублiкi Беларусь», – адзначаецца ў лісце.

МКП і IndustriALL лічаць, што дадзеныя дзеянні ўладаў з’яўляюцца ўмяшаннем ва ўнутраныя справы прафсаюзаў, што з’яўляецца грубым парушэннем Канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы №87 «Аб свабодзе аб’яднанняў», і патрабуюць неадкладнага спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, зняцця з іх усіх беспадстаўных абвінавачванняў і неадкладнага вызвалення І. Комліка з-пад варты.

Міжнародныя арганізацыі пакідаюць за сабой права праінфармаваць МАП, ЕС і іншыя кампетэнтныя міжнародныя інстытуты аб адбываюцца ў дачыненні да БНП і РЭП парушэннях.

„Вясна”