Лідары ЗША і КНДР сустрэліся ў Сінгапуры
Лідары ЗША і КНДР сустрэліся ў Сінгапуры, паведамляюць інфармагенцтвы. Поўнафарматныя перамовы дзвюх краін на вышэйшым узроўні прайшлі на востраве Сентоса.
Дональд Трамп і Кім Чэн Ын паціснулі адзін аднаму рукі і зрабілі першыя заявы. Амерыканскі прэзідэнт адзначыў, што сустрэча была „вельмі добрай” і дазволіць вырашыць „вялікія праблемы і вялікія дылемы”.
Кім Чэн Ын заявіў, што зацікаўлены ў цесным і доўгатэрміновым супрацоўніцтве з амерыканскім калегам, і выказаў надзею, што Пхеньян і Вашынгтон пераадолеюць рознагалоссі ў адносінах.
Размова ў фармаце сам-насам доўжылася каля 45 хвілін, завяршылася пратакольнай фотасесіяй і гутаркай з прэсай. Пасля гэтага пачаўся саміт у пашыраным складзе.
Як паведамляе ТАСС, па выніку саміту быў падпісаны сумесны дакумент, згодна з якім КНДР узяла на сябе абавязацельствы па дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава ў абмен на гарантыі бяспекі з боку ЗША.
У дакуменце Вашынгтон і Пхеньян таксама абавязаліся ў самыя кароткія тэрміны правесці кансультацыі кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў.
З сумеснага дакумента таксама вынікае, што Дональд Трамп і Кім Чэн Ын „абавязаліся супрацоўнічаць у справе развіцця новых адносін паміж ЗША і КНДР і ў тым, што тычыцца ўмацавання міру, росквіту і бяспекі на Карэйскім паўвостраве і ва ўсім свеце”.
У той жа час Дональд Трамп на прэс-канферэнцыі па выніках саміту паабяцаў спыніць сумесныя з Рэспублікай Карэя вайсковыя вучэнні ў раёне Карэйскага паўвострава і заявіў аб тым, што ў перспектыве ён хацеў бы зняць санкцыі з КНДР.
Фота AP і БелТА