Лілія Ананіч заступілася за сілавікоў
Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч заявіла, што журналісты, якія затрымліваліся на акцыях пратэсту гэтай вясной, былі ўдзельнікамі канфлікту.
„У нашай краіне заканадаўства (…) вызначае правы і абавязкі журналістаў, у тым ліку і пры выкананні журналісцкага права павінна ўлічвацца і праца праваахоўных органаў”, – заявіла Ананіч, адказваючы на пытанні дэпутатаў у сераду ў Менску.
Паводле яе слоў, „журналісцкая супольнасць у роўнай ступені адказная за захаванне міру і спакою ў краіне”. „Пры асвятленні такіх падзей, дзе ёсць праца праваахоўных органаў, павінна быць дакладнае ўзаемадзеянне з прэс-службамі ведамстваў і міністэрстваў”, – працягнула міністр.
„Але калі журналіст становіцца ўдзельнікам канфлікту, то ён для праваахоўных органаў такі ж грамадзянін. У журналіста няма права быць актыўным удзельнікам канфліктных сітуацый. Ён толькі асвятляе мерапрыемства, але не павінен станавіцца эпіцэнтрам, калі вакол журналіста распальваюцца жарсці. Мы, на жаль, бачылі, што асобныя сродкі масавай інфармацыі былі такімі каталізатарамі і гэта не з’яўляецца прафесійнай дзейнасцю журналіста,” – падкрэсліла Лілія Ананіч.
Увесну гэтага года ў Беларусі прайшоў шэраг несанкцыянаваных акцый апазіцыі, а таксама „Маршаў недармаедаў” супраць Дэкрэта №3, накіраванага на змаганне з сацыяльным утрыманствам. У час акцый былі затрыманыя сотні чалавек, у тым ліку праваабаронцы і прадстаўнікі СМІ.
Паводле interfax.by
Фота БелТА