Лінас Лінкявічус: Мы назіраем умяшальніцтва Крамля ў сітуацыю Беларусі



З палітычнага тупіка Беларусь могуць вывесці толькі новыя, празрыстыя прэзідэнцкія выбары, лічыць міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.

„ЕЗ дастаецца ўнікальная, асаблівая важная роля ў падтрымцы гэтых зменаў – імкненне беларусаў дэмакратычным шляхам вызначыцца адносна сваёй будучыні. Мірная перадача ўлады і новыя дэмакратычныя выбары прадаставілі б беларусам такую магчымасць, а для ўладаў дэ-факта – гэта адзіны шанец выйсці з палітычнага і маральнага тупіка”, – сказаў Лінкявічус пасля адбыўшайся ў чацвер у Берліне нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін Еўразвязу (ЕЗ), якая была прысвечаная пераважна сітуацыі ў Беларусі.

Словы міністра прыведзены ў прэс-рэлізе МЗС Літвы.

Па словах Лінкявічуса, наўпроставую дапамогу Еўразвязу павінны атрымаць у Беларусі грамадзянская супольнасць, незалежныя СМІ і, асабліва, ахвяры рэпрэсій.

„Напружаная сітуацыя ў Беларусі патрабуе неадкладнай увагі міжнароднай супольнасці – рэпрэсіі ў дачыненні грамадзян працягваюцца, улады адмаўляюцца ад кожнага пасярэдніцтва, мабілізуюць узброеныя сілы на граніцы Еўразвязу, мы назіраем і ўмяшальніцтва Крамля, гібрыдныя дзеянні”, – сказаў ён.

Беларускае Радыё Рацыя