Лінкявічус: Беларусь ніколі не будзе ранейшым „востравам застою”



„Пасля дзевяці месяцаў супраціву Беларусь ніколі не будзе ранейшым „востравам застою”, якім лёгка маніпуляваць і які лёгка тэрарызаваць” — такое меркаванне выказаў на сваёй старонцы ў „Твітэры” былы пасол Літвы ў Менску (ліпень—снежань 2012 года) і былы міністр замежных спраў краіны (снежань 2012-га — снежань 2020-га) Лінас Лінкявічус.

„Агонія рэжыму, які сыходзіць, доўжыцца доўга, але гэта (сыход.) непазбежна. Беларусы сталі прыкладам стойкасці і мэтанакіраванасці для ўсяго свету”, — лічыць літоўскі палітык, які ў лютым назваў беларускі пратэст „помнікам годнасці народа”.

9 мая споўнілася дзевяць месяцаў з дня правядзення ў Беларусі апошніх прэзідэнцкіх выбараў, афіцыйныя вынікі якіх (80% галасоў за Аляксандра Лукашэнку), а таксама гвалт з боку сілавых структур выклікалі масавыя акцыі пратэсту. Паводле звестак праваабаронцаў, за гэты час улады прыцягнулі да адказнасці больш за 34 тыс. чалавек. 370 зняволеных грамадзян праваабаронцы прызналі палітвязнямі. Чатыры чалавекі загінулі. У дачыненні да сілавікоў, якія перавысілі свае паўнамоцтвы, не распачата ні адной крымінальнай справы. Ідзе падаўленне незалежных СМІ і няўрадавых арганізацый. Улады адмаўляюцца ад дыялогу з дэмакратычнымі сіламі. Адносіны з Захадам практычна замарожаныя. Еўрасаюз і ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да беларускіх уладаў, што абапіраюцца на безумоўную падтрымку Расеі.

belapan.by