Лінкявічус: Літва гатовая працягваць пастаўкі нафты ў Беларусь
Літва гатовая абмеркаваць працяг альтэрнатыўных паставак нафты і газу ў Беларусь. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў гэтай краіны Лінас Лінкявічус на сустрэчы з беларускім калегам Уладзімірам Макеем 4 лютага ў Менску.
„Ужо некалькі танкераў (з нафтай. — БелаПАН.) было. Мы можам абмеркаваць магчымасць такіх паставак у будучыні. Як я разумею, цікавасць у беларускага боку ў гэтым таксама ёсць. Таксама можам разгледзець тэхнічныя рашэнні і магчымасці па альтэрнатыўных пастаўках газу”, — сказаў Лінкявічус.
Літва, паводле яго слоў, вельмі пазітыўна ацэньвае развіццё адносін з Беларуссю ў сферы эканомікі, транспарту, транзіту, спорту, экспарту. „Можна гэта ўсё павялічыць, са свайго боку мы гатовыя, — сказаў Лінкявічус. — Я перадаў запрашэнне нашага прэм’ер-міністра вашаму наведаць Літву падчас эканамічнага форуму ў маі. Тады ж можам правесці і сустрэчы гандлёва-эканамічнай камісіі, калі такая магчымасць будзе, можам прадметна пагаварыць па гэтых усіх пунктах”.
Ён адзначыў, што Літва зацікаўленая ва ўступленні Беларусі ў СГА і гатовая аказаць экспертную дапамогу ў гэтым.
„Ёсць у нас і рознагалоссі, болькі ў нашых двухбаковых адносінах. Самая вялікая — гэта АЭС. Ацэнкі яе розныя з нашых бакоў, — сказаў Лінкявічус. — Факт тое, што ўжо стаіць рэактар, засталося завезці паліва. Мы ўсё ж такі настойваем на тым — думаю, што гэта ў інтарэсах і Беларусі, паколькі ад гэтага залежыць бяспека аб’екта і грамадзян, — каб выдзеліць асноўныя, ключавыя рэкамендацыі міжнародных арганізацый у галіне бяспекі АЭС (дапамагчы гэта могуць зрабіць прадстаўнікі ENSREG) і прыняць план дзеянняў па іх выкананні. Гэта было б вельмі станоўчае развіццё справы, нягледзячы на ўсе рознагалоссі”.
belapan.by