Літоўскі суд вырашыў дапытаць Гарбачова па справе аб падзеях 1991 года
Віленскі акруговы суд прыняў рашэнне дапытаць у якасьці сьведкі былога прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова па справе аб штурме тэлецэнтра ў Вільні ў студзені 1991 года. Пра гэта ў панядзелак 17 кастрычніка, паведамляе «Интерфакс».
Як адзначае агенцтва, гэтую інфармацыю пацвердзіў прызнаны пацярпелым у рамках гэтай справы Робертас Павілайціс – сын загінулага ў ходзе тых падзей Апалінараса Павілайціса.
У студзені літоўская пракуратура ў рамках справы аб падзеях 1991 года ў Вільні завочна абвінаваціла 92-гадовага былога міністра абароны СССР Дзмітрыя Язава ў стварэнні „арганізаванай групы з 160 ваенных і палітычных дзеячаў з мэтай вяртання Літвы ў склад СССР».
У тым жа месяцы, па інфармацыі «Интерфакса», Генпракуратура Літвы паведамляла аб адмове Масквы дапытаць Гарбачова па просьбе літоўскіх праваахоўных органаў.
У 2012-м літоўскае нагляднае ведамства таксама інфармавала пра тое, што Расея адмовіла ў допыце былога прэзідэнта СССР.
Справа па падзеях 13 студзеня 1991 года, калі савецкія войскі штурмавалі тэлецэнтр у Вільні (у ходзе аперацыі 15 чалавек загінулі і каля 600 атрымалі раненні), была пачатая пракуратурай Літвы ў пачатку 1990-х. У 2010 годзе па справах у дачыненні да 23 падазраваных (большасць з якіх расейцы, а двое – грамадзяне Беларусі) быў адменены тэрмін даўнасці. Падазраваныя абвешчаныя ў вышук на тэрыторыі Еўразвяза.
Фота „Интерфакс”