Літва абвінаваціла высланых з краіны дыпламатаў Беларусі ў шпіянажы
Высланыя з Літвы лукашэнкаўскія дыпламаты працавалі на спецслужбы. Пра гэта сёння, 9 ліпеня, заявіла прэм’ер-міністар Літвы Інгрыда Шыманіце.
Пра гэта інфармуе EADaily.
«Літва мела звесткі пра колькасць дыпламатаў, якія займаліся такой (выведніцкай. — РС) дзейнасцю. Мы таксама ведалі пра дыпламатаў, якія былі супрацоўнікамі структур бяспекі Беларусі», — сказала яна.
Крызіс у адносінах паміж Менскам і Вільняй пачаўся пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году.
Літоўскія ўлады не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку легітымным кіраўніком дзяржавы. Акрамя таго, Вільня ўвяла шэраг санкцый у дачыненні да Беларусі і падтрымлівае праціўнікаў беларускага лідара. 7 ліпеня літоўскія ўлады ў адказ на дзеянні афіцыйнага Менску абвясцілі аб скарачэнні штату беларускай амбасады ў Вільні да аднаго дыпламата і трох адміністрацыйных работнікаў. Раней аналагічнае рашэнне адносна колькасці літоўскіх дыпламатаў у Менску прынялі ўлады Беларусі. Ім таксама дазволілі пакінуць аднаго дыпламата і трох тэхнічных супрацоўнікаў.