Літва адказала Лукашэнку: гэта не дапамога, а шантаж



У Літве адказалі на словы Аляксандра Лукашэнкі, якія прагучалі ў яго інтэрв’ю Sky News Arabia. Заявы  Лукашэнкі пра нібыта дапамогу Літве ў барацьбе з мігрантамі – гэта шантаж, сказаў кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс

„Гэта не дапамога, гэта шантаж. Ад тэрарыстычнага рэжыму на іншае і не разлічваем. Адказ просты – калі Менск не спыніцца і працягне дастаўляць мігрантаў, Літва прапануе новыя санкцыі”, – перадала словы міністра яго прэс-сакратарка Вітаўта Шмайжыце, паведамляе Delfi.

У згаданым інтэрв’ю Лукашэнка адмаўляў, што ўлады Беларусі спрыяюць нелегальным мігрантам, якія імкнуцца трапіць у ЕЗ. Ён заявіў пра нейкія „злачынныя групоўкі” ў Літве, якія займаюцца перапраўкай. Па яго словах, Беларусь гатовая дапамагчы Літве ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй, але „не бясплатна”.

Фота: delfi.lt