Літва будуе плот на мяжы, рыхтуючыся да расейскіх вучэнняў
Літва пачала будаўніцтва двухмятровай драцяной агароджы ўздоўж сваёй мяжы з Калінінградскай вобласцю напярэдадні найбуйнейшых за некалькі гадоў ваенных вучэнняў, якія Масква плануе правесці там у верасні.
Хоць агароджа працягласцю 45 кіламетраў наўрад ці здольна забяспечыць абарону ад поўнамаштабнага нападу, яна паслужыць для прадухілення правакацый і інцыдэнтаў, заявіў міністр унутраных спраў Літвы Эймуціс Місюнас.
„Каб пазбегнуць падобных сітуацый, мы вырашылі, што нам неабходна загарода”, – сказаў Місюнас падчас урачыстай цырымоніі закладкі першага слупа пагранічнага збудаванні.
У Літве і іншых прыбалтыйскіх рэспубліках, якія ў 1991 годзе атрымалі незалежнасць ад Масквы, але дзе па-ранейшаму пражывае шмат этнічных рускіх, любое скапленне расейскіх войскаў ля іх межаў выклікае неспакой, нагадваючы аб анэксіі Масквой Крымскага паўвострава ў Украіны ў 2014 годзе.
Масква не раскрыла дакладны лік вайскоўцаў, якія возьмуць удзел у вучэннях „Захад-2017”, якія праводзяцца ля заходніх межаў Расеі раз у чатыры гады. Аднак эксперты сказалі, што вучэнні могуць стаць самымі маштабнымі за чвэрць стагоддзя, паколькі ў іх, як чакаецца, прымуць удзел каля 100.000 расейскіх вайскоўцаў.
Адпраўка 1.000 вайскоўцаў НАТА ў Польшчу і кожную з краін Прыбалтыкі абурыла Маскву, якая ў студзені папярэдзіла, што будзе расцэньваць гэты крок як пагрозу.
На час вучэнняў ЗША павінны падвоіць колькасць войскаў у рэгіёне, сказаў „Рэйтэр” чыноўнік, які пажадаў застацца неназваным.
У ліпені ў Літве на два тыдні размесцяць ракетную батарэю Patriot. Гэта ўпершыню адбудзецца ў рэгіёне, у якім Расея валодае перавагай ў паветры.
Плот, будаўніцтва якога абыйдзецца ў 3,6 мільёна еўра, выразна акрэсліць геаграфічную мяжу паміж Калінінградскай вобласцю і Літвой. Уздоўж яго будзе ўсталяваная выведвальная апаратура, якая будзе паведамляць пра спробы парушэння межаў, сказаў міністр.