Літва будзе дамагацца ад Еўразвяза асэнсавання праблемы БелАЭС



Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа паабяцаў і надалей дамагацца ад лідараў Еўразвяза ўсведамлення таго, што будаўніцтва Беларускай АЭС з’яўляецца праблемай для ўсёй абʼяднанай Еўропы. Тэму будаўніцтва атамнай станцыі літоўскі палітык закрануў у гутарцы з журналістамі 17 студзеня ў Плунге.

Як паведамляе партал Delfi, Наўседа заявіў, што не перастане ўздымаць гэтае пытанне на вышэйшым узроўні, «каб увесь Еўразвяз і яго лідары ўсвядомілі, што будаўніцтва Беларускай АЭС не зʼяўляецца праблемай адной толькі Літвы і не толькі праблемай Латвіі і Польшчы». «Гэта праблема ўсягопартал Delfiа», – перакананы ён.

Літоўскі прэзідэнт паведаміў, што цяпер па пытанні БелАЭС вядуцца «канструктыўныя дыскусіі» з Польшчай, Латвіяй і Эстоніяй. «Перш за ўсё, мы гаворым пра тое, што Літва вырашыла не закупляць электраэнергію, што вырабляецца на магчыма небяспечнай электрастанцыі, калі яна будзе запушчаная ў будучыні. Тое ж вырашыла Польшча. Латвія і Эстонія яшчэ не зусім вызначыліся», – растлумачыў палітык.

Ён зазначыў, што па ініцыятыве апарата прэзідэнта «ўжо прымаюцца законы і падзаконныя акты», якія дазволяць «рэальна заступіць шлях электраэнергіі з БелАЭС на літоўскі рынак». «Беларусь рэагавала на гэта вельмі сурʼёзна, яны зразумелі, што Літва цвёрда выбрала гэтую пазіцыю, і цяпер спрабуе шукаць дзесьці ў іншым месцы, на баку», – заявіў Наўседа.

Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца непадалёк ад мяжы з Літвой за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расейскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 года. Паводле апошніх заяваў чыноўнікаў, увод у эксплуатацыю першага энергаблока АЭС запланаваны на 2020 год, другога – на 2021 год. Мяркуецца, што станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод.

Самым актыўным крытыкам БелАЭС зʼяўляецца Літва. У Вільнюсе перакананыя, што будаўніцтва станцыі вядзецца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Беларусь гэтыя прэтэнзіі адхіляе. Раней парламент Літвы прыняў закон, закліканы абмежаваць імпарт электраэнергіі з Беларусі і Расеі. Літва таксама заклікала суседзяў з ЕЗ (Латвію, Эстонію, Польшчу і Фінляндыю) не купляць электраэнергію з атамных электрастанцый у Беларусі і Калінінградскай вобласці Расеі.

13 жніўня 2019 года на сайце Міністэрства эканомікі Латвіі было апублікаванае паведамленне аб тым, што ўрад краіны прыняў рашэнне арганізаваць гандаль электрычнасцю з краінамі па-за Еўразвязам непасрэдна праз латвійскую мяжу з мэтай змякчэння рызыкі магчымага скарачэння патоку электраэнергіі або адмоўных ваганняў тарыфаў на гэты рэсурс. Гаворка ідзе пра гандаль з дапамогай расейскіх сетак, праз якія можа перадавацца ў тым ліку беларуская электраэнергія. Такім чынам Латвія вырашыла засцерагчы сябе ад магчымых наступстваў блакавання электрычнасці з Беларусі, якая сёння паступае ў краіны Балтыі выключна праз Літву.

16 студзеня прэмʼер-міністр Сяргей Румас па выніках праведзенай у Менску сустрэчы з латвійскім калегам Крышʼянісам Карыньшам заявіў журналістам, што Беларусь прапрацуе з Латвіяй магчымасць прамой пастаўкі ў гэтую краіну беларускай электраэнергіі. «У прыватнасці, мы абмяркоўвалі пытанні энергетыкі. Дамовіліся, што нашы міністэрствы энергетыкі прапрацуюць пытанне прамой пастаўкі электраэнергіі ў Латвію, а не праз сумежныя краіны», – сказаў кіраўнік беларускага ўрада.

БелаПАН