Літва будзе ўважліва назіраць за расейска-беларускімі вучэннямі



Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ заявіла, што назіранне за ходам вучэнняў „Захад-2017”, што адбудуцца ў верасні блізу Літвы, дазволіць убачыць, ці выведзе Расея пасля вучэнняў сваіх вайскоўцаў з Беларусі.

„Літва запрошаная ў якасці назіральніка ўдзельнічаць на падставе міжнародных пагадненняў падчас вучэнняў „Захад”. <…> Гэта стварае магчымасць рэальна бачыць, ці будуць выконвацца абяцанні, дадзеныя Расеяй адносна вывядзення расейскіх войскаў з Беларусі пасля вучэнняў”, — сказала Грыбаўскайтэ на сумеснай з прэзідэнтам Германіі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе 24 жніўня, паведамляе партал ru.delfi.lt.

Яна не адказала на пытанне, ці маюць службовыя асобы інфармацыю пра тое, што пасля вучэнняў у Беларусі на самой справе могуць застацца расейскія вайскоўцы. „Нічога больш”, — сказала Грыбаўскайтэ.

Літоўскія прадстаўнікі атрымалі запрашэнне назіраць за ходам вучэнняў „Захад-2017” як у Беларусі, так і ў Ленінградскай вобласці Расеі.

Плануецца, што ў праграме назірання за ходам вучэнняў возьмуць удзел інспектары Узброеных сіл Літвы па кантролі над узбраеннямі, а 19 верасня назіраць за эпізодам вучэнняў на Лужскім палігоне ў Ленінградскай вобласці РФ адправіцца аташэ Літвы па абароне ў Расеі.

Пра магчымасць таго, што Расея пасля вучэнняў можа анексаваць Беларусь, заявіў былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі падчас візіту ў Літву ў пачатку жніўня. Як сцвярджае ваенная разведка Літвы, цалкам верагодна, што ў сцэнарыі вучэнняў будзе прадугледжаны ўзброены канфлікт з НАТА. Частка раёнаў вучэнняў знаходзяцца блізу дзяржмяжы Літвы, таму літоўскія афіцыйныя асобы не выключаюць магчымасць інцыдэнтаў і правакацый. Паводле іх слоў, у вучэннях можа быць задзейнічана прыблізна 100 тысяч вайскоўцаў, хоць Менск і Масква называюць значна меншыя лічбы.

Паводле БелаПАН