Літва дабудавала агароджу на мяжы з Расеяй, на чарзе мяжа з Беларуссю



Літва дабудавала агароджу на мяжы з Калінінградcкай вобласцю. Пра гэта паведамляе расейская служба Бі-бі-сі. Працягласць збудавання складае 45 кіламетраў, вышыня — два метры. Узвядзенне загароды абышлося Вільні ў 1,3 мільёна еўра.

Літоўскія памежнікі ў інтэрвію Бі-бі-сі паведамілі, што агароджа трэба для барацьбы з нелегальнай іміграцыяй і кантрабандай цыгарэт. Пры гэтым яна непрыдатная для прадухілення верагоднай ваеннай пагрозы з боку Расеі.

Плот стаіць там, дзе няма прыродных перашкодаў. Акрамя таго на мяжы ўстаноўлены камеры сачэння.

Паводле Бі-бі-сі, у 2017 годзе пагранічнікі зафіксавалі 18 выпадкаў незаконнага перасячэння мяжы паміж Літвой і Расеяй. Было знойдзена восем тысяч пачак кантрабандных цыгарэт.

Да 2020 году літоўскія ўлады плануюць узвесці і агароджу на мяжы з Беларуссю. Такія ж планы мае і Латвія.