Лінас Лінкявічус: Незалежнасць Беларусі – гэта і наш нацыянальны інтарэс



Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус па выніках візіту ў Беларусь заявіў журналістам, што Літва гатова дапамагчы Беларусі дыверсіфікаваць пастаўкі нафты і газу, што дапаможа краіне ўмацаваць энергетычную бяспеку ва ўмовах ціску Расеі.

– Гэта альтэрнатыўныя крыніцы энергарэсурсаў. Нафта – гэта былі такія адзінкавыя пастаўкі, і я зразумеў, што ёсць інтарэс, каб яны былі рэгулярнымі. То мы гатовыя ісці на гэта. Гэта быў бы ўнёсак у дыверсіфікацыю. З газам трэба яшчэ паглядзець тэхнічныя рашэнні, але я так зразумеў, што ёсць цікавасць. У нас таксама ёсць гатоўнасць нацыянальная ў супрацы з Польшчай знайсці нейкія рашэнні, каб былі і альтэрнатыўныя пастаўкі газу.

Лінас Лінкявічус заявіў, што з боку Беларусі ёсць гатоўнасць прыняць дэлегацыю прадстаўнікоў ENSREG – Еўрапейскай групы рэгулятараў ядзернай бяспекі – і генеральнага дырэктара Еўракамісіі па энергетыцы.

Прычым гэта павінна адбыцца да запуску атамнай станцыі ў Астраўцы, а ілюзіяў наконт спынення праекту Літва не мае, сказаў Лінас Лінкявічус:

– У вас гэта гонар, а для нас гэта бяда. Але гэта вашае рашэнне, тут мы мала што можам зрабіць. Але можам хаця б паспрабаваць зразумець, што трэба радыкальна палепшыць бяспеку. Здаецца гэтае паразуменне атрымалася знайсці, каб міжнародныя эксперты ўсё ж такі прыехалі і дапамаглі выдзеліць гэтыя самыя асноўныя, ключавыя рэкамендацыі, якія абавязаны выконвацца не калісьці, а перада запускам станцыі. Але наша ацэнка не зменіцца – мы супраць станцыі.

На думку Лінаса Лінкявічуса, адкрытасць беларускага боку ў пытаннях бяспекі АЭС дапаможа і дыялогу Беларусі з ЕЗ па іншых важных праблемах.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота БелаПАН