Літва і Латвія зачыняюць межы
У суботу, 14 сакавіка, урад Літвы пастанавіў, што з панядзелку ў краіне ўводзіцца каранцін, з той мэтай, каб спыніць распаўсюд каронавірусу.
З увядзеннем каранціну з ночы на панядзелак 16 сакавіка грамадзянам Літвы будзе забаронена выязджаць з краіны, за выняткам тых, хто працуе за мяжой. Будзе таксама забаронены ўезд бальшыні іншаземцаў.
Жыхарам замежных краін будзе прадастаўлены так званы „гуманітарны калідор” цягам трох сутак з магчымасцю пераехаць краіну транзітам, каб вярнуцца ў свае дзяржавы. Апошніх замежнікаў будуць упускаць у Літву да поўначы 19 сакавіка.
Прымаюцца наступныя каранцінныя меры:
Скароціцца колькасць памежных прапускных пунктаў, праз якія можна будзе ўехаць у Літву;
Грамадзянам Літвы забараняецца ездзіць у закранутыя каронавірусам краіны;
Забараняецца гандаль у магазінах, акрамя прадуктовых крамаў, аптэк, спецыялізаваных ветэрынарных аптэк, рынкаў, якія гандлююць харчовымі прадуктамі. Пры гэтым улады абяцаюць, што межы для перавозу тавараў зачыняць не будуць;
Зачыняюцца кавярні, бары, рэстараны, за выняткам паслугаў ежы на вынас. Паслугі СПА, цырульняў, салонаў прыгажосці таксама забараняюцца;
Забараняюцца ўсе масавыя мерапрыемствы, як у памяшканнях, так і на вуліцы;
Забараняецца ўваход круізных лайнераў у Клайпедскі порт;
Здаровым людзям забараняецца наведваць лякарні. У лякарнях адкладаюцца запланаваныя аперацыі, за выняткам тэрміновай медыцынскай дапамогі;
Забаронена наведванне вязняў у турмах;
Гатэлі абавязаныя, пры патрэбе, размяшчаць людзей на каранцін, дзяржава будзе за гэта плаціць;
Установы адукацыі зачыняюцца, работнікам дзяржаўнага і прыватнага сектараў рэкамендавана працаваць дома.
За невыкананне правілаў каранціну будзе адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.
Каранцін у Літве будзе доўжыцца як мінімум да 30 сакавіка. Афіцыйна ў Літве зафіксавана пакуль 8 выпадкаў каронавірусу.
Аналагічныя меры ўводзяцца і Латвіяй, дзе ўжо 26 выяўленых захварэўшых.
Яшчэ раней пра закрыццё межаў абвесцілі Польшча (84 выпадкі каронавірусу) і Украіна (3 захварэўшыя чалавекі).
Беларускае Радыё Рацыя