Літва мае намер узмацніць ахову мяжы з Беларуссю
Літва мае намер узмацніць ахову мяжы з Беларуссю з дапамогай шэрагу захадаў у кароткатэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве, паведаміла журналістам 27 траўня літоўскі міністр унутраных спраў Агне Білатайце.
„Мы прадугледзелі некалькі напрамкаў у рашэннях, — цытуе чыноўніка партал навін Delfi. — Першае рашэнне звязанае з доўгатэрміновай перспектывай. Наша мэта — пакрыць усю мяжу з Беларуссю камерамі назірання. Таму сёння я даручыла падрыхтоўку плана патрэбаў і магчымасцяў, каб мяжа як мага хутчэй была пакрытая сістэмай назірання”.
Паводле слоў Білатайце, цяпер сістэма назірання ахоплівае менш за 40% мяжы з Беларуссю. Распаўсюдзіць гэтую сістэму па ўсёй працягласці літоўска-беларускай мяжы плануецца ў найбліжэйшыя два гады, на гэта спатрэбіцца 38 млн еўра. „Я хачу запэўніць, што палітычная воля для гэтага як з боку прэм’ера, так і з боку ўрада ёсць. Дакладна будуць знойдзеныя ўсе фінансавыя рэсурсы, каб мяжа як мага хутчэй была пакрытая”, — сказала яна.
Кіраўнік МУС Літвы таксама заявіла, што „ў кароткатэрміновым перыядзе ўжо цяпер узмацняецца ахова мяжы з Беларуссю”. Паводле яе слоў, зараз „адзначаецца рост не толькі кантрабанды, але і нелегальных мігрантаў, і гэта можа быць звязанае з дзейнасцю рэжыму”.
„У нас ёсць дакладныя сігналы наяўнасці праблем, бо апошнім часам мы адзначаем патокі нелегальнай міграцыі, — сказала міністр. — Тэндэнцыя такая, што за апошні квартал гэтага года ў нас 178 нелегальных мігрантаў, якія трапілі з Беларусі. А калі параўноўваць з мінулым годам, то гэтая колькасць значна вырасла. Падобна на тое, што за пэўную плату, паводле нашых звестак, гэтых людзей прывозяць да літоўскай мяжы, і яны арганізавана трапляюць у Літву. <…> Відавочна, што беларускія службовыя асобы ў гэтым таксама могуць удзельнічаць”.
Раніцай 26 траўня ў праўладных тэлеграм-каналах з’явіліся паведамленні, як сцвярджаецца, з асобнымі заявамі Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з дэпутатамі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу, членамі канстытуцыйнай камісіі і прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання. У прыватнасці было апублікаванае паведамленне з яго рэакцыяй на дзеянні краін Захаду: „Лукашэнка: мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — зараз будзеце самі іх есці і лавіць”.
Гэтыя паведамленні былі перадрукаваныя ў тэлеграм-канале аднаго з дзяржаўных тэлеканалаў. Са спасылкай на яго адпаведныя навіны апублікавалі некаторыя расійскія і ўкраінскія СМІ. Прэс-служба Лукашэнкі ў расшыфроўцы выступлення на яго сайце такіх заяў не прыводзіць. Няма іх і ў паведамленнях дзяржаўных СМІ.
Разам з тым міністр замежных спраў Уладзімір Макей, выступаючы на той жа сустрэчы, заявіў: „Мы вымушаныя і будзем жорстка рэагаваць на любыя недружалюбныя захады на наш адрас. Мы разглядаем магчымасць прыпынення ўзаемадзеяння з ЕС па пытаннях барацьбы з нелегальнай міграцыяй, аргзлачыннасцю, забеспячэння ядзернай бяспекі”.
У якасці рэакцыі на такога кшталту заявы кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс напісаў на сваёй старонцы ў „Твітэры”: „Лукашэнка адкрыта пагражае накіраваць наркотыкі і нелегальных мігрантаў у наш бок. Тэрарыст — гэта той, хто робіць або мае намер рабіць як тэрарыст. Гэта далейшая эскалацыя з боку рэжыму, да якой Еўропа павінна быць гатовая”.