Літва накіравала Беларусі яшчэ адну ноту пратэсту
19 красавіка ў МЗС Літвы быў выкліканы прадстаўнік беларускага пасольства, якому ўручылі строгую ноту пратэсту ў сувязі з „наўмыснымі і сістэматычнымі выпадкамі парушэння дзяржаўнай мяжы Літоўскай Рэспублікі”, паведамляе літоўскае знешнепалітычнае ведамства.
Гэта звязана з парушэннем дзяржаўнай мяжы беларускім памежнікам 18 красавіка.
У ноце МЗС патрабуе ад Беларусі як мага хутчэй „даць растлумачэнні па гэтым і аналагічным парушэнні, учыненым 12 красавіка”, а таксама „прыняць усе неабходныя меры для прадухілення паўтарэння падобных інцыдэнтаў у будучыні”.
Раней Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі абверг перасячэнне памежнікам літоўскай мяжы і абвінаваціў Літву ў спробах абвастрыць сітуацыю на мяжы.