Літва накіравала ў Беларусь гуманітарную дапамогу для барацьбы з COVID-19



7 ліпеня з Літоўскай Рэспублікі ў Беларусь адпраўленая гуманітарная дапамога — вырабленыя ў Літве ахоўныя сродкі, неабходныя для барацьбы з COVID-19.

Як паведамляе МЗС Літвы, гуманітарная дапамога Беларусі накіраваная на падставе рашэння літоўскага ўрада ад 3 чэрвеня „ў якасці рэакцыі на просьбу суседняй дзяржавы аб міжнароднай гуманітарнай дапамозе ў мэтах барацьбы з COVID-19”.

За 50 тысяч еўра ў ЗАТ Bio Circle Balticum былі набыты 16.800 літраў дэзынфекцыйнай вадкасці, у ЗАТ Interscalit — 8.400 аднаразовых халатаў.

У сваю чаргу беларускае пасольства ў Літве паведаміла, што накіраваныя ў Беларусь медыцынскія сродкі аховы набытыя ў межах рэалізацыі рашэння ЕС аб аказанні гуманітарнай дапамогі на грошы, выдзеленыя літоўскім бокам.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 64.003 (+199 за апошнія суткі), памерла 436 чалавек (+7). Упершыню з пачатку красавіка сутачны прырост інфікаваных, згодна з афіцыйнай статыстыкай, апусціўся ніжэй за 200.

belapan.by

Фота urm.lt