Літва не плануе адклікаць пасла з Беларусі і скарачаць штат пасольства



 Літва не плануе адклікаць свайго пасла ў Менску для кансультацый і скарачаць дыпламатычную прысутнасць у Беларусі. Пра гэта 2 кастрычніка заявіў журналістам кіраўнік МЗС Літоўскай Рэспублікі Лінас Лінкявічус, каментуючы рашэнне МЗС Беларусі адклікаць сваіх паслоў з Літвы і Польшчы для кансультацый і прапанову гэтым краінам скараціць колькасць дыпламатаў у сваіх пасольствах у Менску.

„Мы ацэньваем (заявы беларускага боку) са шкадаваннем і расчараваннем”, — падкрэсліў Лінкявічус, словы якога прыводзіць выданне Delfi.

Ён адзначыў, што Літва пакуль не разглядае меры ў адказ і будзе чакаць наступных крокаў афіцыйнага Мінска.

„Рашэнне аб кансультацыях паслоў прымае Міністэрства замежных спраў Літвы. У нас няма такіх намераў. У астатнім мы пачакаем, каб убачыць, якія будуць наступныя крокі. Мы гэта ўзгадняем з Польшчай. <…> Іх рэакцыя таксама будзе вельмі падобнай”, — сказаў Лінкявічус.

Паводле слоў кіраўніка літоўскай дыпламатыі, Служба знешніх сувязяў Еўрасаюза праінфармаваная аб сітуацыі. „Магчыма, гэта таксама жаданне падзяліць нашы шэрагі, таму што пакуль выдзеленыя толькі Літва і Польшча”, — сказаў Лінкявічус.

Ён паўтарыў, што Літва не разглядае прапановы Беларусі па скарачэнні штата свайго пасольства. „Калі будзе попыт з іншага боку, то адэкватныя пастановы мы прымем у Вільнюсе і Варшаве. Гэтыя прапановы пакуль дакладна не будуць разглядацца”, — запэўніў Лінкявічус.

Кіраўнік літоўскай дыпламатыі падкрэсліў, што цяпер мэта ва ўсіх адна — стварыць хоць нейкі дыялог. „Калі іх упартасць не вядзе да дыялогу з самой Беларуссю, гэта павінен быць дыялог з тымі, хто можа аказаць уплыў. У першую чаргу вылучу Расію. Я ведаю, што гэта спрабуюць рабіць кіраўнікі дзяржаў, якія маюць кантакты з Расіяй. Прыкладаюцца ўсе намаганні, але ясна, што скарачэнне кантактаў, дыпламатычнага прадстаўніцтва — гэта ў першую чаргу слабасць, і ўжо сапраўды не сіла. Мы не лічым гэтыя рашэнні рацыянальнымі”, — сказаў Лінкявічус.

Як паведамляў БелаПАН, Міністэрства замежных спраў Беларусі 2 кастрычніка адклікала для кансультацый паслоў Беларусі ў Літве і Польшчы і прапанавала гэтым краінам скараціць колькасць сваіх дыпламатаў у Мінску. Літве прапанавана скараціць колькасць дыпламатаў з 25 да 14, Польшчы — з 50 да 18.

„Паслы Беларусі ў Польшчы і Літве з 5 кастрычніка адклікаюцца ў Мінск для кансультацый. Паслам Польшчы і Літвы ў Беларусі прапанавана зрабіць гэтак жа. Падкрэслю, што гэтыя вымушаныя меры намі прынятыя не без шкадавання, пасля доўгага цярпення і заклікаў да разважлівасці выключна з прычыны асаблівай дэструктыўнай ролі, якую вырашыла на практыцы іграць кіраўніцтва Польшчы і Літвы ў дачыненні да Беларусі”, — заявіў журналістам дзяржаўных СМІ 2 кастрычніка прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

belapan.by