Літва не выдасць Святлану Ціханоўскую Лукашэнку



Літва не мае намеру станоўча адказваць на запыт Беларусі аб экстрадыцыі экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Святланы Ціханоўскай. Гэта вынікае з каментара намесніка міністра замежных спраў Літвы Мантаса Адаменаса, які ён даў Deutsche Welle.

Ціханоўская разам з дзецьмі цяпер жыве ў Вільні і знаходзіцца пад абаронай літоўскай дзяржавы.

„Літва не выдае людзей, якія зазнаюць палітычны пераслед. У Менску выдатна ведаюць, які адказ мы ім дамо”, — сказаў Адаменас.

На пытанне, ці можа гэтая адмова яшчэ больш ускладніць адносіны Вільні і Менска, Адаменас адзначыў, што зрабіць афіцыйныя адносіны яшчэ горшымі наўрад ці магчыма. Ён нагадаў, што літоўскі пасол быў адкліканы для кансультацый яшчэ ў кастрычніку 2020 года. Гэта стала адказам Вільнюса на аналагічны крок Лукашэнкі, які адклікаў кіраўнікоў беларускіх місій у Літве і Польшчы.

Дэпутат сейма Літвы Эмануэліс Зінгерыс таксама лічыць немагчымай экстрадыцыю Ціханоўскай. Паводле яго слоў, „любы літоўскі ўрад, які пагадзіўся б выдаць хаця б аднаго палітычнага бежанца менскаму рэжыму, не пратрымаўся б і дня”.

2 сакавіка Следчы камітэт паведаміў пра завяршэнне расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да чатырох давераных асоб Ціханоўскай. СК прыйшоў да высновы, што яны рыхтаваліся да захопу будынкаў выканкамаў у Гомелі.

У матэрыяле на сайце СК не называюцца прозвішчы, але, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра Аляксандра Шабаліна, Таццяну Канеўскую, Юрыя Уласава і Дзмітрыя Івашкова. Трое былі затрыманыя яшчэ да выбараў 9 жніўня, Івашкоў — у верасні.

Паводле версіі следства, абвінавачаныя з удзелам Ціханоўскай абмяркоўвалі „план па арганізацыі масавых беспарадкаў у Гомелі, а таксама захопу будынкаў адміністрацый і выканкамаў, прызначэнні замест кіраўнікоў і старшыняў сваіх асоб”. „Падтрымаўшы план, яна пагадзілася выдаць грашовыя сродкі на закупку электрашокераў, газавых балончыкаў, рацый, мегафонаў, мікрафонаў, іншых прадметаў і прылад, прызначаных для здзяйснення злачынства”, — адзначалася ў паведамленні.

Паводле вынікаў расследавання ім выстаўленае абвінавачанне на падставе ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да масавых беспарадкаў) і ч. 1 арт. 13, ч. 1 арт. 292 (падрыхтоўка да захопу будынкаў і збудаванняў) Крымінальнага кодэкса. Да ўсіх прымененая мера стрымання ў выглядзе знаходжання пад вартай. Ціханоўская цяпер абвешчаная ў вышук. Дакументы на яе экстрадыцыю перададзеныя ў Генеральную пракуратуру, паведаміў СК.

У сваю чаргу прэс-сакратар Ціханоўскай Ганна Красуліна, каментуючы гэтае паведамленне Следчага камітэта, заявіла: „За час перадвыбарнай кампаніі і месяцы пратэсту пасля выбараў каманда Святланы Ціханоўскай мела зносіны і працягвае мець зносіны з вялікай колькасцю беларусаў, — паведаміла журналістам Красуліна. — Частка з іх заўсёды была і працягвае заставацца арыентаванай на радыкальныя меры, але Святлана Ціханоўская ніколі не ўдзельнічала ў распрацоўцы такіх планаў. На апублікаваным відэа (разам з паведамленнем СК апублікаваў відэаролік пад назвай „Сустрэча Святланы Ціханоўскай з даверанымі асобамі”, які ўяўляе сабой шэраг склееных фрагментаў, што былі знятыя, верагодна, схаванай камерай або камерай назірання. — БелаПАН.) відаць, што яна пакінула пакой, каб не працягваць абмеркаванне. І, як паказваюць больш за 200 дзён беларускага пратэсту, Святлана Ціханоўская і яе каманда падтрымлівала толькі мірныя метады”.

belapan.by