Літва пабудуе ля мяжы з Беларуссю кантэйнерны гарадок для 40 000 мігрантаў



Гарадок з’явіцца ў Свянцянскім раёне.

Рашэнне прынята ў сувязі з магчымым пагаршэннем сцэнару, які пагражае Літве з прычыны бескантрольнай міграцыі праз Беларусь, паведамляе партал Delfi.lt.

Кіраўнік службы аховы дзяржаўнай мяжы Рустам Любаеў сказаў, што цяпер вядуцца перамовы з Мінфінам аб фінансаванні гэтых работ.

«Сітуацыя на мяжы цяжка прагназавальная. Мы не ведаем, калі і колькі дамкоў спатрэбіцца. Мы павінны быць гатовыя да любога варыянту», — сказаў ён.

Цяпер у Свянцянскім раёне размешчаныя 484 мігрантаў (Пабрадэ, Цэнтр рэгістрацыі іншаземцаў). Намеснік Любаева Відас Мачайціс сказаў, што гэтымі днямі праходзіць конкурс на куплю 219 кантэйнераў, каб паставіць іх у Медніках (на гэта выдзелена 4,6 млн. еўра), але рыхтуецца вялікі конкурс на закуп да 10 000 такіх кантэйнэрных хатак.

У Медніках гарадок павінен быць гатовы да 5 жніўня. Калі купіць кантэйнэрныя домікі да гэтага тэрміну не ўдасца, прыйдзецца зноў разбіць намётавы лагер.

«Мы не ведаем, калі паток мігрантаў спыніцца, трэба быць гатовымі да ўсяго», — сказаў Мачайціс.

«Цяпер галоўная праблема — ня колькасць, 1800 чалавек — гэта не тая колькасць, зь якой Літва не можа справіцца. Значна горшая рэч — дынаміка, бо мы бачым рост на працягу некалькіх тыдняў, і патэнцыял у гэтага росту вялікі», — сказала 15 ліпеня прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце пасля візіту ў Грэцыю.

Кіраўнік Frontex Фабрыс Лэджэры падчас візіту ў Літву сказаў, што былі асцярогі, што Беларусь выкарыстоўвае супраць Літвы нелегальную міграцыю як палітычную зброю, таму з мінулай восені за мяжой Літвы і Беларусі вялося назіранне. Паводле яго слоў, урад Аляксандра Лукашэнкі наўмысна заахвочвае наплыў міграцыі, прыкрываючыся вакцынацыяй ад каронавірусу, запрашае прыязджаць у Беларусь бяз візаў (гэта тычыцца грамадзян 73 краін, яны могуць правесці ў Беларусі 5 дзён).

svaboda.org