Літва плануе запрасіць Лукашэнку на цырымонію перапахавання паўстанцаў
Літва плануе запрасіць на цырымонію перапахавання астанкаў паўстанцаў 1863 года кіраўніцтва Беларусі, Польшчы і Украіны, паведаміў журналістам у Вільні міністр культуры Міндаўгас Квяткаўскас.
Капліца на віленскіх могілках Росы, дзе перапахаваюць паўстанцаў. Фота: 15min.lt
„Увосень плануецца арганізаваць цырымонію перапахавання, — цытуе міністра інфармацыйны рэсурс 15min.lt. Будзе прапанаваны фармат на самым высокім узроўні з удзелам першых асоб Беларусі, Польшчы і Літвы — пра гэта гаварылася ў ходзе пасяджэння літоўскай урадавай камісіі”.
„Таксама было вырашана, што імёны ўсіх паўстанцаў будуць напісаныя на трох мовах — літоўскай, польскай і беларускай, каб падкрэсліць важнасць гэтага паўстання для гэтых краін і гэтых нацый”, — дадаў Квяткаўскас.
Паводле слоў міністра культуры, дакладная дата цырымоніі пакуль не вызначана — усё будзе залежаць ад работ па абнаўленні капліцы на віленскіх могілках Раса, дзе перапахаваюць астанкі. Плануецца, што іх завершаць да верасня.
Чатыры магілы паўстанцаў былі знойдзеныя восенню 2017 года на гары Гедыміна ў цэнтры Вільні. Дакладна вядома, што ў адной з іх знаходзіліся астанкі Зыгмунта Серакоўскага. Гэта даказвае яго заручальны пярсцёнак, знойдзены ў пахаванні. Навукоўцы Вільнюскага ўніверсітэта таксама паведамілі аб атрыманні ўскосных пацвярджэнняў таго, што на гары Гедыміна знойдзеныя і астанкі кіраўніка легендарнага паўстання Кастуся Каліноўскага, але для поўнага доказу гіпотэзы патрэбныя генетычныя даследаванні.
Раней літоўскія СМІ паведамлялі, што надпісы на магілах будуць аформленыя на польскай і літоўскай мовах. Гэта выклікала негатыўную рэакцыю ў Менска. Прадстаўнікі беларускай грамадскасці звярнуліся да ўрада Літвы з просьбай зрабіць на помніках удзельнікам знакамітага паўстання ў Польшчы і Беларусі 1863—1864 гадоў надпісы ў тым ліку па-беларуску.