Літва, Польшча і Румынія заклікалі ЕЗ пашырыць праграму дапамогі для Беларусі
Літва, Польшча і Румынія заклікалі Еўрасаюз пашырыць праграму дапамогі для Беларусі, уключыўшы ў яе бязвізавы рэжым для беларускіх грамадзян. Адпаведную заяву падпісалі прэзідэнты трох краін, паведамляе прэс-служба літоўскага прэзідэнта.
„Мы лічым, што, падтрымліваючы народ Беларусі, Еўрапейскі саюз павінен даць пакет дапамогі для дэмакратычных і эканамічных пераўтварэнняў у Беларусі”, — гаворыцца ў заяве.
Кіраўнікі трох краін прапаноўваюць Еўрасаюзу пашырыць гандаль з Беларуссю, садзейнічаць у перамовах аб уступленні краіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, увесці пры „наяўнасці неабходных умоў” бязвізавы рэжым для грамадзян краіны.
ЕС таксама прапаноўвае забяспечыць доступ да фінансавых рэсурсаў для рэструктурызацыі беларускай эканомікі, садзейнічаць дыверсіфікацыі энергетычнага сектара і энергетычнай бяспекі краіны, павялічыць прысутнасць міжнародных фінансавых інстытутаў і іх актыўнасць у рэфармаванні эканомікі і нарошчванні інвестыцый.
Прэзідэнты Літвы, Польшчы і Румыніі адзначылі, што „ніхто, акрамя народа Беларусі, не мае права вырашаць лёс сваёй краіны”, і заявілі пра сваю падтрымку беларусаў у жаданні пабудаваць дэмакратычную дзяржаву, заснаваную на вяршэнстве закона, свабоднай грамадзянскай супольнасці і рынкавай эканоміцы.
„Калі народ Беларусі вырашыць правесці палітычныя і эканамічныя рэформы, стварыць незалежныя інстытуты па абароне правоў чалавека і свабоды выказвання думкі, мы дапаможам, падзяліўшыся сваім вопытам і ноу-хау”, — адзначыў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.
Як адзначае прэс-служба літоўскага прэзідэнта, прапановы па дапамозе Беларусі будуць прадстаўленыя на пасяджэнні Еўрапейскага савета, якое мае адбыцца 24—25 верасня.