Літва разгледзела больш за 20% заяў нелегальных мігрантаў, якія прыбылі з Беларусі
У лагерах, абсталяваных у сувязі з наплывам нелегальных мігрантаў з боку Беларусі, на гэты момант зарэгістравана 2.962 іншаземцы, паведамляе сайт Міністэрства ўнутраных спраў Літвы са спасылкай на звесткі дэпартамента па міграцыі МУС і Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ). Незарэгістраванымі засталіся 512 чалавек — гэта асобы, якія адмовіліся ад рэгістрацыі, а таксама пацыенты з COVID-19 і тыя, хто знаходзяцца на каранціне.
У краіны паходжання вярнуліся 164 мігранты — хтосьці добраахвотна, скарыстаўшыся фінансавай падтрымкай з боку дзяржавы, некаторых дэпартавалі. На гэты момант вядома яшчэ пра 55 мігрантаў, якія добраахвотна выказалі жаданне вярнуцца на радзіму.
Адзначаецца, што з ліку зарэгістраваных 2.804 нелегальныя мігранты падалі заяву аб даванні прыстанку на тэрыторыі Літвы. Дэпартамент міграцыі ўжо разгледзеў 620 заяў, або прыблізна 22%, — ні адна з іх задаволеная не была.
„Справа кожнага, хто перайшоў літоўскую мяжу, разглядаецца індывідуальна, — адзначылі ў МУС Літвы. — Аднак выяўляецца, што большасць мігрантаў нелегальнымі шляхамі шукаюць лепшага жыцця ў больш багатых краінах, а не ратуюцца ад пераследу або іншых невыносных цяжкасцяў, што пазбаўляе іх права на даванне прыстанку”.
У міністэрстве звярнулі ўвагу на тое, што з пачатку года і да ўваходжання ў сілу заканадаўчых паправак, якія сур’ёзна абмежавалі свабоду перамяшчэння мігрантаў, больш за 500 іншаземцаў пакінулі дадзенае ім жыллё, пазней 123 чалавекі былі вернутыя з польскай мяжы. „На думку спецыялістаў па міграцыі, гэта яшчэ раз паказвае, што мігранты, якія нелегальна перайшлі літоўскую мяжу, насамрэч не шукаюць прыстанку ў Літве, а хочуць выкарыстаць нашу краіну для ўезду ў больш багатыя еўрапейскія краіны”, — падкрэслілі ў МУС.
Пасля ўваходжання ў сілу згаданых паправак фіксаваліся толькі адзінкавыя выпадкі сыходу мігрантаў з лагераў. З увядзеннем працэдур па вяртанні нелегалаў у краіну не ўпусцілі 2.576 іншаземцаў, якія спрабавалі незаконна перайсці літоўскую мяжу з боку Беларусі.
МУС Літвы таксама паведамляе, што міністр Агне Білатайце 21 верасня падпісала новы план аказання Літве надзвычайнай дапамогі Еўрапейскім офісам па пытаннях давання прыстанку (EASO). План прадугледжвае ўзмацненне экспертнай падтрымкі МУС, САДМ, а таксама дапамогу Міністэрству сацыяльнага забеспячэння і працы і Цэнтру прыёму бежанцаў. Згодна з планам эксперты і перакладчыкі EASO будуць дапамагаць літоўскім уладам да 2022 года.
„Мы завяршылі рэгістрацыю мігрантаў і імкнемся паскорыць разгляд заяў аб даванні прыстанку, таму дапамога спецыялістаў нам вельмі патрэбная, — заявіла Білатайце. — Перакладчыкі і спецыялісты дапамогуць даць мігрантам усю неабходную інфармацыю і даведацца пра рэальныя абставіны, пры якіх яны апынуліся ў Літве. Я дзякую EASO за дапамогу”.
З-за павелічэння патоку нелегальных мігрантаў з беларускага боку Літва ўвяла рэжым экстрэмальнай сітуацыі на ўсёй тэрыторыі краіны, Латвія і Польшча — надзвычайнае становішча ў раёнах, якія мяжуюць з Беларуссю.
БелаПАН