Літва скарачае дыпламатычную прысутнасць Беларусі да мінімуму
7 ліпеня МЗС Літвы абвясціла аб рашэнні скараціць да мінімуму дыпламатычную прысутнасць Беларусі, піша Delfi.
Кіраўнік МЗС Габрыэлюс Ландсбергіс паведаміў, што Літва дазволіла Беларусі пакінуць у краіне аднаго консульскага работніка і трох тэхнічна-адміністрацыйных.
Пра тое, што МЗС Беларусі скарачае супрацоўнікаў амбасады Літвы да мінімуму, пакуль не будуць спыненыя „недружалюбныя ініцыятывы Літвы, якія нагнятаюць канфрантацыю ў дачыненні да Беларусі”, стала вядома 7 ліпеня. У Менску застанецца адзін консульскі работнік і тры тэхнічныя і адміністрацыйныя супрацоўнікі.
Каментуючы крок Менска, прэс-сакратар дыпламатычнай службы ЕЗ Петэр Стана заявіў, што „гэтым крокам рэжым Лукашэнкі закрывае дыпламатычныя каналы сувязі. Скарачаючы колькасць консульскіх супрацоўнікаў дыпламатычных місій краін-дзяржаў ЕЗ, рэжым абмяжоўвае магчымасці паездак беларусаў у ЕЗ”.
Фота: urm.lt