Літва ў канцы тыдня пачне абсталёўваць мяжу з Беларуссю бар’ерам з калючага дроту



Збудаванне бар’ера з калючага дроту на мяжы з Беларуссю пачнецца блізу канца тыдня, паведаміў 8 ліпеня балтыйскаму інфармагенцтву BNS міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас, паведамляе літоўскі партал Delfi.

„Хутчэй за ўсё, што ўжо сёння ці, самае позняе, заўтра пачнецца, але, вядома, толькі пачнецца, — заявіў ён. — Наколькі мне вядома, ужо дадзенае даручэнне прадпрыемствам, якія вырабляюць [гэты тып загароды], пачаць намотку дроту. Калі будзе даручэнне пакрыць усю мяжу, без сумневу (акрамя тых месцаў, якія ўжо пакрытыя), гэта на нейкі час зацягнецца, таму што кожнае з прадпрыемстваў вырабляе пяць кіламетраў за дзень”.

Агароджа будзе ў выглядзе спіральнага бар’ера — шпулек калючага дроту, якія ўкладваюць адну на адну і змацоўваюць паміж сабой. Кіраўнік літоўскага ваеннага ведамства адзначыў, што бар’ер будзе дзейнічаць як „сродак спынення”, каб хаця б на кароткі час затрымаць мігрантаў на мяжы да прыбыцця памежнікаў.

„Мы проста дэкларуем, што мы закрываем гэты адкрыты Лукашэнкам шлях, і пасля змяненняў і дапаўненняў прававых актаў, якія маюць адбыцца на наступным тыдні, аб скарачэнні тэрмінаў разгляду просьбаў (аб даванні прыстанку. — БелаПАН.) эканамічныя мігранты, не палітычныя ўцекачы, будуць вернутыя ў іх родныя краіны. Так што — велізарныя матэрыяльныя страты для тых людзей, якіх рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае для гэтай гібрыднай атакі”, — заявіў міністр абароны Літвы.

Напярэдадні прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце паведаміла, што Літва выкарыстае армейскі спіральны бар’ер у якасці дадатковага сродку, закліканага прадухіліць перасячэнне нелегальнымі мігрантамі мяжы з боку Беларусі.

Паводле заявы Шыманіце, беларускія ўлады бяруць „як актыўны, так і пасіўны ўдзел у арганізацыі патокаў нелегальных мігрантаў”. „Умовы для перасячэння мяжы ствараюцца свядома, — сказала яна. — І за гэтым мы бачым мэту: нанесці шкоду нашай дзяржаве, дэстабілізаваць сітуацыю, асабліва з улікам вайсковых вучэнняў „Захад”, што маюць адбыцца. Гэта дадатковы кантэкст, які неабходна ўлічваць”.

З раніцы 7 ліпеня да раніцы 8 ліпеня на літоўска-беларускай мяжы затрыманыя 93 чалавекі супраць 53 суткамі раней. Да гэтага пасля сутачнага рэкорду, які быў зафіксаваны раніцай 4 ліпеня і склаў 160 нелегалаў, адзначалася змяншэнне колькасці затрыманых (5 ліпеня — 134, 6-га — 131).

З пачатку года на мяжы з Беларуссю перахоплена 1.509 нелегальных мігрантаў — у 18,6 разу больш, чым за ўвесь 2020 год (81). Сярод іх больш за ўсё грамадзян Ірака (679), Конга (196), Камеруна (114), Гвінеі (81) і Ірана (68). Пагранведамства Літвы прыводзіць памесячную статыстыку затрыманняў: у студзені — 20, лютым — 13, сакавіку — 8, красавіку — 70, траўні — 7, чэрвені — 473, з пачатку ліпеня — 848.

2 ліпеня ўрад Літвы ўвёў рэжым надзвычайнай сітуацыі ў сувязі з рэзкім ростам нелегальнай міграцыі цераз мяжу з Беларуссю.

belapan.by