Літва ўзмацніла ахову мяжы з Беларуссю для барацьбы з нелегальнай міграцыяй



На ўзмацненне супрацоўнікам Дзяржаўнай памежнай службы Літвы (VSAT), якая ахоўвае ўчастак на мяжы з Беларуссю, накіраваны прадстаўнікі Службы грамадскай бяспекі, а таксама супрацоўнікі Пагегяйскай брыгады VSAT, якія звычайна ахоўваюць участак літоўска-расейскай мяжы.

Як паведамляецца на сайце VSAT, узмацненне дзейнічае з мінулага тыдня ў сувязі з павелічэннем колькасці нелегальных мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у Літву з Беларусі.

Адзначаецца, што памежная служба „прыняла і іншыя арганізацыйныя меры па ўзмацненні бяспекі мяжы з Беларуссю”.

Паводле звестак VSAT, за пяць месяцаў з пачатку года было затрымана 189 нелегальных мігрантаў, якія спрабавалі трапіць у Літву з Беларусі, у асноўным грамадзяне Ірака. Пры гэтым за ўвесь 2020 год на літоўска-беларускім участку мяжы затрымалі 81 нелегальнага мігранта.

27 траўня міністр унутраных спраў Агне Білатайце паведаміла журналістам, што Літва мае намер узмацніць ахову мяжы з Беларуссю з дапамогай шэрагу захадаў у кароткатэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве.

Так, на працягу двух гадоў плануецца ўстанавіць камеры відэаназірання ўздоўж усёй мяжы з Беларуссю. Цяпер, паводле слоў чыноўніцы, сістэма назірання ахоплівае менш за 40% літоўска-беларускай мяжы.

Кіраўнік МУС Літвы заявіла, што „ў кароткатэрміновым перыядзе ўжо цяпер узмацняецца ахова мяжы з Беларуссю”. Паводле яе слоў, цяпер „адзначаецца рост не толькі кантрабанды, але і нелегальных мігрантаў, і гэта можа быць звязана з дзейнасцю рэжыму”.

„У нас ёсць дакладныя сігналы наяўнасці праблем, паколькі ў апошні час мы адзначаем патокі нелегальнай міграцыі, — сказала міністр. — Тэндэнцыя такая, што за апошні квартал гэтага года ў нас 178 нелегальных мігрантаў, якія трапілі з Беларусі. А калі параўноўваць з мінулым годам, то гэта колькасць значна вырасла. Падобна на тое, што за пэўную плату, паводле нашых звестак, гэтых людзей прывозяць да літоўскай мяжы, і яны арганізавана трапляюць у Літву. <…> Відавочна, што беларускія службовыя асобы ў гэтым таксама могуць удзельнічаць”.

Раніцай 26 мая ў праўладных тэлеграм-каналах з’явіліся паведамленні, як сцвярджаецца, з асобнымі заявамі Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з дэпутатамі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу, членамі канстытуцыйнай камісіі і прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання. У прыватнасці, было апублікавана паведамленне з яго рэакцыяй на дзеянні краін Захаду: „Лукашэнка: мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — цяпер будзеце самі іх есці і лавіць”.

Гэтыя паведамленні былі перадрукаваныя ў тэлеграм-канале аднаго з дзяржаўных тэлеканалаў. Са спасылкай на яго адпаведныя навіны апублікавалі некаторыя расійскія і ўкраінскія СМІ. Прэс-служба Лукашэнкі ў расшыфроўцы выступу на яго сайце такіх заяў не прыводзіць. Няма іх і ў паведамленнях дзяржаўных СМІ.

Разам з тым міністр замежных спраў Уладзімір Макей, выступаючы на той жа сустрэчы, заявіў: „Мы вымушаныя і будзем жорстка рэагаваць на любыя недружалюбныя захады ў наш адрас. Мы разглядаем магчымасць прыпынення ўзаемадзеяння з ЕС па пытаннях барацьбы з нелегальнай міграцыяй, аргзлачыннасцю, забеспячэння ядзернай бяспекі”.

У якасці рэакцыі на такога роду заявы кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс напісаў на сваёй старонцы ў „Твітэры”: „Лукашэнка адкрыта пагражае накіраваць наркотыкі і нелегальных мігрантаў у наш бок. Тэрарыст — гэта той, хто дзейнічае або мае намер дзейнічаць як тэрарыст. Гэта далейшая эскалацыя з боку рэжыму, да якой Еўропа павінна быць гатовая”.

belapan.by