Літва выдала беларускім грамадзянам 779 дазволаў на ўезд па гуманітарных меркаваннях



 Па стане на 4 студзеня Літва выдала беларускім грамадзянам 779 дазволаў на ўезд па гуманітарных меркаваннях, паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў краіны.

355 чалавек, якія атрымалі дазвол, ужо прыбылі ў Літву. Прытулку папрасілі 76 чалавек.

МУС адзначае, што дазвол на ўезд па гуманітарных меркаваннях выдаецца міністрам па прадстаўленні знешнепалітычнага ведамства грамадзянам Беларусі, якія пацярпелі ад рэжыму і рэпрэсій.

Паводле слоў кіраўніка МУС Агне Білатайтэ, дазволы выпісваюцца практычна кожны дзень. „Нягледзячы на змены на літоўска-беларускай мяжы (мабыць, маецца на ўвазе афіцыйная забарона на выезд беларускіх грамадзян за мяжу наземным шляхам па прычыне каранавіруса. — БелаПАН.), людзі звяртаюцца, а значыць, Літва для іх бяспечная краіна”, — сказала міністр.

Такія дазволы Літва пачала выдаваць 11 жніўня, на трэці дзень пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Грамадзянам, якія пераследуюцца па палітычных матывах і жадаюць выехаць у Літву, прапаноўваецца звяртацца ў яе пасольства па шэнгенскую візу з пацвярджальнымі дакументамі. Акрамя таго, яны могуць падаць хадайніцтва аб палітычным прытулку проста на мяжы.

Правілы знаходжання ў Шэнгенскай зоне па гуманітарнай візе такія ж, як і па тых, што атрымліваюцца ў звычайным парадку (не больш за 90 дзён у любы 180-дзённы перыяд).

belapan.by