Літва выдала беларускім грамадзянам 800 дазволаў на ўезд па гуманітарных прычынах



Па стане на 22 лютага Літва выдала беларускім грамадзянам 800 дазволаў на ўезд па гуманітарных прычынах (+21 з пачатку 2021 года), паведамляецца на сайце літоўскага Міністэрства ўнутраных спраў.

Адзначаецца, што 371 грамадзянін Беларусі, які атрымаў дазвол на ўезд, ужо знаходзіцца ў Літве (+16), 103 чалавекі звярнуліся з просьбай аб прытулку (+28).

„Кожны тыдзень у нас новыя заяўкі, іх невялікая колькасць, але і колькасць выдадзеных дазволаў, і колькасць тых, хто прыязджае, няўхільна расце, — заявіла міністр унутраных спраў Агне Білатайтэ. — У нас ужо больш за 100 чалавек, якія звярнуліся па палітычны прытулак”.

Такія дазволы Літва пачала выдаваць 11 жніўня, на трэці дзень пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Грамадзянам, якія пераследуюцца па палітычных матывах і жадаюць выехаць у Літву, прапаноўваецца звяртацца ў яе пасольства па шэнгенскую візу з пацвярджальнымі дакументамі. Акрамя таго, яны могуць падаць хадайніцтва аб палітычным прытулку проста на мяжы.

Правілы знаходжання ў Шэнгенскай зоне па гуманітарнай візе такія ж, як і па тых, што атрымліваюцца ў звычайным парадку (не больш за 90 дзён у любы 180-дзённы перыяд).

18 студзеня, каментуючы статыстыку пераезду, Білатайтэ адзначыла: „Грамадзяне Беларусі ўжо больш за пяць месяцаў карыстаюцца магчымасцю прыехаць у Літву з гуманітарнымі мэтамі. Большасць аддае перавагу прыехаць на кароткі час у надзеі вярнуцца ў сваю краіну пасля таго, як палітычная сітуацыя супакоіцца, але колькасць людзей, якія жадаюць пасяліцца ў Літве на больш працяглы перыяд, таксама расце”.

belapan.by