Літва вырашыла падаць пазоў супраць Беларусі
Літва вырашыла падаць пазоў супраць Беларусі за правакаванне мігранцкага крызісу ў міжнародны суд.
Мэта пазову — кампенсацыя шкоды літоўскаму боку, якую краіна зазнала ад міграцыйнага крызісу, справакаванага менскім рэжымам.
Урад Літвы ўхваліў ініцыятыву Міністэрства юстыцыі краіны аб прыцягненні беларускіх уладаў да адказнасці за незаконны ўвоз мігрантаў, бо, на думку Вільні, гэта робіцца па ўказцы Менску.
Пра гэта 5 красавіка паведамляе мінюст Літвы.
Беларусі будзе выстаўлены пазоў за невыкананне палажэнняў Пратакола пра незаконны ўвоз мігрантаў па сушы, моры і паветры, які дапаўняе Канвенцыю ААН супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці. Міністэрства юстыцыі Літвы пачне перамовы аб перадачы спрэчкі ў арбітраж ці Міжнародны суд.