Літва закрывае горад побач з Беларуссю з-за каронавірусу



Літва закрывае горад побач з Беларуссю з-за каронавірусу. Урад Літвы прыняў пастанову аб закрыцці населенага пункта Неменчынэ побач з мяжой з Беларуссю з 7 гадзін раніцы 16 красавіка.

На ўездах усталююць тры пасты, астатнія дарогі будуць перакрытыя фізічна. Мэр Вільнюскага раёна Марыя Рэкст спадзяецца, што ўдасца справіцца з сітуацыяй. «Зробім усё, каб спыніць распаўсюд хваробы, абараніць жыхароў Неменчынэ і іншых населеных пунктаў», – перадае яе словы партал Delfi.

У гарадку і суседніх населеных пунктах з мінулага тыдня дэзынфікуюць грамадскія тэрыторыі і пад’езды шматкватэрных дамоў. Жыхары змогуць купіць прадукты харчавання, лекі, іншыя неабходныя тавары. Асобы, якія могуць пакідаць населены пункт, павінны прадʼявіць адпаведныя дакументы або іншыя доказы таго, што ім трэба выехаць. У Літве пакуль усталяваны 1091 выпадак каронавірусу, памерлі 29 чалавек, 138 чалавек ачунялі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: delfi.lt