Літва зноў задала пытанні па ядзернай бяспецы БелАЭС
Дзяржаўная інспекцыя па бяспецы ядзернай энергетыкі Літвы (VATESI) заклікала Беларусь спыніць працэс уводу АЭС у эксплуатацыю і заняцца вырашэннем пытанняў ядзернай бяспекі. Адпаведны ліст накіраваны ў МНС Беларусі, у структуру якога ўваходзіць нацыянальны ядзерны рэгулятар — дэпартамент па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы (Дзяржатамнагляд).
„Большасць раней паднятых пытанняў па забеспячэнні ядзернай бяспекі не вырашаны да гэтага часу”, — цытуе сайт VATESI дырэктара інспекцыі Міхаіла Дземчанку.
У паведамленні літоўскага ядзернага рэгулятара гаворыцца, што Беларусь так і не дала канкрэтнай інфармацыі аб тым, якім чынам выбіралі пляцоўку для будаўніцтва АЭС каля Астраўца і ацэньвалі шчыльнасць і размеркаванне літоўскага насельніцтва, што з’яўляецца ключавым пытаннем ядзернай бяспекі Літвы.
У адрасаваным МНС Беларусі лісце таксама заяўляецца, што праект БелАЭС „не адпавядае сучасным міжнародным патрабаванням бяспекі”, у прыватнасці „канструкцыя станцыі не разлічаная на падзенне буйнога камерцыйнага самалёта, не ўсе інструкцыі, неабходныя для бяспечнай эксплуатацыі першага энергаблока, падрыхтаваныя да яго ўводу ў эксплуатацыю”.
„Беларусь неаднаразова заклікалі правесці поўнамаштабную імавернасную ацэнку бяспекі, забяспечыць захаванне нормаў бяспекі МАГАТЭ і загадзя падрыхтаваць канчатковую справаздачу па аналізе бяспекі БелАЭС да пачатку яе прамысловай эксплуатацыі. У адпаведнасці з дзейным заканадаўствам Беларусі такі дакумент плануецца падрыхтаваць толькі праз год пасля ўводу АЭС у прамысловую эксплуатацыю”, — гаворыцца ў лісце літоўскага рэгулятара.
VATESI заклікала МНС Беларусі і іншыя кампетэнтныя органы „аператыўна даваць падрабязную інфармацыю грамадскасці і іншым зацікаўленым бакам аб усіх незвычайных падзеях, уключаючы тыя, якія могуць выклікаць грамадскую занепакоенасць, а таксама аб патэнцыйным уплыве гэтых падзей на бяспеку БелАЭС”.
Копіі ліста былі адпраўленыя ў МАГАТЭ, Еўракамісію, старшыні нарады бакоў Канвенцыі аб ядзернай бяспецы, якая мае адбыцца, кіраўнікам Еўрапейскай групы рэгулятараў ядзернай бяспекі (ENSREG) і Асацыяцыі рэгулятараў Заходняй Еўропы (WENRA).
Беларуская АЭС будуецца паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) пераважна за кошт крэдыту Расіі па расійскім праекце ВВЭР-1200 (першы блок гатовы на 99%, другі — на 80%). Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам будаўніцтва станцыі выступае інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі „Расатам” (галаўная арганізацыя — інжынірынгавая кампанія „АСЭ”).
Выпрацоўка электраэнергіі на першым блоку БелАЭС пачалася 3 лістапада мінулага года. Увесці яго ў прамысловую эксплуатацыю плануецца цяперашняй вясной.
Фізічны пуск другога энергаблока, пры якім у рэактар загружаецца ядзернае паліва, таксама запланаваны на 2021 год. Увесці гэты блок у эксплуатацыю, у адпаведнасці з указам № 447 ад 30 лістапада 2020 года, павінны ў першай палове 2022 года. Разам з тым пасол Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка нядаўна заявіў, што запусціць другі блок у прамысловую эксплуатацыю плануецца ў ліпені наступнага года.
11 лютага гэтага года Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў Еўракамісію „шчыльна супрацоўнічаць з беларускімі ўладамі ў мэтах прыпынення працэсу камерцыйнай эксплуатацыі „БелАЭС” да поўнага выканання ўсіх рэкамендацый па выніках стрэс-тэстаў, а таксама належнага інфармавання беларускага грамадства і суседніх краін аб прынятых мерах”. На наступны дзень Міністэрства энергетыкі Беларусі выступіла з заявай, у якой адзначыла, што рэзалюцыя Еўрапарламента носіць „абсалютна палітызаваны характар”.
4 сакавіка Еўрапейская група рэгулятараў ядзернай бяспекі (ENSREG) зацвердзіла папярэднюю справаздачу ў рамках партнёрскага агляду выканання Беларуссю нацыянальнага плана дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў БелАЭС. У папярэдняй справаздачы, падрыхтаванай пасля наведвання 9—10 лютага станцыі экспертамі ENSREG, зроблена выснова, што быў дасягнуты прагрэс у выкананні рэкамендацый, якія тычацца сямі прыярытэтных пытанняў.
Поўная ацэнка выканання ўсіх рэкамендацый будзе дадзена на другім этапе экспертнага агляду, які запланаваны ў гэтым годзе. Выніковая справаздача ENSREG будзе складзеная пасля заканчэння другога этапу экспертнага агляду.