Лукашэнка 19-20 лютага ажыццявіць афіцыйны візіт у Егіпет
Аляксандр Лукашэнка 19-20 лютага наведае з афіцыйным візітам Егіпет, паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі.
У Каіры ён правядзе перамовы з прэзідэнтам Егіпта Абдэлем Фатахам аль-Сісі. Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць рэалізацыю наяўных дамоўленасцей, дасягнутых падчас візіту егіпецкага лідара ў Менск летам мінулага года, перспектывы развіцця гандлёва-эканамічных і гуманітарных адносін.
Кіраўнікі дзяржаў таксама разгледзяць пытанні ўзаемадзеяння на міжнародных пляцоўках, арганізацыі бяспекі ў рэгіёне і свеце ў цэлым.
Паводле вынікаў перамоў чакаецца падпісанне пакета двухбаковых дакументаў.
У Лукашэнкі запланаваныя шэраг іншых сустрэч, а таксама наведванне сумесна з Фатахам аль-Сісі новай адміністрацыйнай сталіцы Егіпта, якая будуецца за 45 кіламетраў на ўсход ад Каіра.
Падчас візіту Лукашэнкі ў Каіры пройдзе пасяджэнне беларуска-егіпецкага савета дзелавога супрацоўніцтва.
belapan.by