Лукашэнка 6 снежня ляціць у Сочы на сустрэчу з Пуціным
Аляксандр Лукашэнка 6 снежня ляціць у Сочы на сустрэчу з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, паведаміў у „Твітэры” галоўны рэдактар радыёстанцыі „Рэха Масквы” Аляксей Венедыктаў.
„Аляксандр Лукашэнка ссунуў наша інтэрв’ю. 6 снежня (у прызначаны дзень) прэзідэнт Беларусі ляціць у Сочы. Пуцін замест Венедыктава”, — напісаў галоўны рэдактар „Рэха Масквы”.
У сваю чаргу тэлеграм-канал „Пул Першага” паведамляе, што сустрэча Лукашэнкі з Пуціным у Сочы намечаная на 7 снежня.
1 снежня ў эфіры сваёй праграмы „Будзем назіраць” Венедыктаў паведаміў, што на 6 снежня запланаванае яго інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам. У той жа час ён не выключыў, што інтэрв’ю можа быць перанесенае: „Напружанне па абмеркаванні новай версіі саюзнай дамовы ці, дакладней, дарожных карт моцна расце. Цяпер была кароткая сустрэча ў Кіргізіі ў Пуціна з Лукашэнкам (27—28 лістапада там праходзіў саміт АДКБ. — БелаПАН.). І яны дамовіліся яшчэ да 8 снежня сустрэцца яшчэ пару разоў, як я разумею. Таму мяне сумленна ўчора ўвечары папярэдзілі, што графік можа папаўзці. Так бывае ў прэзідэнтаў. Мы гэта ведаем”.
„Мы ў адносінах Расеі і Беларусі жывем у вельмі цікавы наступны тыдзень. Вельмі цікавы наступны тыдзень. Ну, гэты, натуральна, і наступны. Гэта цэнтральная будзе падзея для нашай краіны”, — заявіў Венедыктаў, які мае шырокія сувязі ў Крамлі.
6 снежня адбудзецца сустрэча прэм’ер-міністраў дзвюх краін Сяргея Румаса і Дзмітрыя Мядзведзева. Чакаецца, што яны абмяркуюць ход узгаднення дарожных карт інтэграцыі (усяго іх 31). Падпісанне дакументаў планавалася да 20-годдзя дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы (8 снежня).
belapan.by
Фота ТАСС