Лукашэнка зацвердзіў новы план абароны Беларусі (абноўлена)



Савет бяспекі сёння на пасяджэнні ў Палацы Незалежнасці адобрыў новы план абароны Беларусі і Канцэпцыю будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл да 2030 года. Пакет дакументаў падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

План абароны Беларусі ўключае некалькі дакументаў. На працягу года іх аналізавалі ў Генеральным штабе Узброеных Сіл і разглядалі на нарадах сілавога блока. Асноўныя ў гэтым пакеце – рашэнне галоўнакамандуючага на абарону Беларусі (графічнае і тэкстуальнае) і дырэктыва на абарону краіны.

Як падкрэсліў у час пасяджэння Савета бяспекі Аляксандр Лукашэнка, Беларусь цвёрда прытрымліваецца міралюбівай палітыкі, захоўвае статус донара бяспекі ў рэгіёне. Пры гэтым бясспрэчнымі прыярытэтамі кіраўнік дзяржавы назваў развіццё ў краіне ўласнай сістэмы бяспекі, а таксама прадаўжэнне ваеннага супрацоўніцтва з дружалюбнымі краінамі. «Беларуская армія ніколі нікому не пагражала, не пагражае і пагражаць не збіраецца. Яна з’яўляецца інструментам недапушчэння вайны, а ў выпадку агрэсіі павінна быць здольная не толькі яе адбіць, але і нанесці непапраўны ўрон праціўніку. Асноўнае прызначэнне Узброеных Сіл – абарона суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

У чым асаблівасць прынятых дакументаў і як будзе развівацца беларуская армія, пасля пасяджэння журналістам расказалі дзяржсакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась, міністр абароны Андрэй Раўкоў і выконваючы абавязкі начальніка Генеральнага штаба – першага намесніка міністра абароны Аляксандр Вальфовіч.

Зась: акцэнт зроблены на стратэгічнае стрымліванне праціўніка «У плане абароны акцэнт робіцца на прадухіленні развязвання агрэсіі, стратэгічным стрымліванні. Гэтаму ўдзелена больш увагі, чым у папярэднім плане, распрацаваны дакументы па стратэгічным стрымліванні. Удзелена больш увагі і пытанням дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне – гэта таксама пытанні абароны. Гэта рэальнасць нашай сучаснасці, з якой сутыкнуліся па ўсім свеце: усё пачынаецца з дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне, правакавання ўнутранага ўзброенага канфлікту», – адзначыў Станіслаў Зась.

У час пасяджэння нямала ўвагі было ўдзелена забеспячэнню патрэбнасцяў абароны дзяржавы. «Усё было падлічана. Мы можам забяспечыць ваенную бяспеку нашай краіны, зыходзячы з тых магчымасцяў, што ў нас ёсць, – заявіў дзяржсакратар. – Мы будзем планамерна павышаць расходы на абарону. Гэта на самай справе трэба рабіць, калі ставім мэтай якасна нарошчваць патэнцыял Узброеных Сіл». Плануецца, што за дзесяць гадоў расходы на абарону вырастуць да 1,5 працэнта ад ВУП.

Савет бяспекі таксама разгледзеў Канцэпцыю будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл да 2030 года. Гэты дакумент вызначае склад і структуру арміі, яе задачы ў мірны і ваенны час. Паводле слоў Станіслава Зася, у канцэпцыі ўпор зроблены на захаванне існуючых складу і структуры Узброеных Сіл, іх якаснае развіццё за кошт паляпшэння баявой падрыхтоўкі, пераўзбраення і мадэрнізацыі тэхнічнага складніка.

БелТА

***

Аляксандр Лукашэнка 19 снежня праводзіць пасяджэнне Савета бяспекі. Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, на нараду вынесеныя пытанні планавання абароны краіны і далейшага развіцця беларускай арміі.

„Традыцыйна на пасяджэннях Савета бяспекі мы разглядаем ключавыя пытанні забеспячэння бяспекі нашай дзяржавы, — сказаў Лукашэнка. — Сёння разгледзім пытанні планавання абароны дзяржавы і далейшага развіцця арміі”.

Паводле яго слоў, на працягу года пад кіраўніцтвам Генеральнага штаба перапрацоўвацца план абароны Беларусі ў святле цяперашніх рэалій ваенна-палітычнага і стратэгічнага становішча. Разглядаліся новыя формы і спосабы вядзення ваенных дзеянняў, заснаваных на вопыце сучасных узброеных канфліктаў. Праца праведзеная з улікам меркаванняў не толькі сілавых, але і астатніх зацікаўленых ведамстваў, зазначыў Лукашэнка.

„Наколькі ўсё гэта ўлічана ў распрацаваным дакуменце, у чым яго адрозненне ад дзейнага плана?” — задаў пытанне Лукашэнка. Асаблівую ўвагу ён папрасіў звярнуць на сістэму папераджальных і мер у адказ у выпадку нарастання ваеннай пагрозы для дзяржавы.

Лукашэнка нагадаў, што Узброеныя сілы Беларусі перабудоўваліся некалькі разоў, у залежнасці ад развіцця ваенна-палітычнага становішча ў рэгіёне і свеце. „Мы разумеем, якія ідуць войны цяпер, якія могуць быць войны ў будучыні, і, зыходзячы з нашага патэнцыялу і магчымасцяў, перабудоўваем пад гэта свае Узброеныя сілы. Гэта на мікраўзроўні, — сказаў ён. — Надышоў час паглядзець і на самым высокім узроўні, што нам неабходна зрабіць, як стратэгічна спланаваць абарону нашай дзяржавы. Гэтым на працягу года займаўся Генеральны штаб Узброеных сіл, і мы прыйшлі да высновы, што цяпер існуючы план абароны, бяспекі нашай дзяржавы падлягае перапрацоўцы, асучасненню, актуалізацыі”.

Паводле інфармацыі прэс-службы, на пасяджэнне таксама вынесеныя пытанні аб складзе Узброеных сіл. Члены Савета бяспекі павінны вызначыць, якія сістэмы развіваць у прыярытэтным парадку і якія неабходна мець віды ўзбраенняў, асабліва па авіяцыі, супрацьпаветранай абароне і іншых сродках агнявога паражэння. „Гэта вельмі дарагія сістэмы”, — адзначыў Лукашэнка.

Асобна плануецца разгледзець фінансава-эканамічнае забеспячэнне Узброеных сіл і абароны краіны. „Каб утрыманне i аснашчэнне арміі былі па сілах дзяржаве і не на шкоду ваеннай бяспецы, мы павінны прыняць прынцыповыя рашэнні па гэтых пытаннях”, — сказаў Лукашэнка.

 БелаПАН

Фота: БелТА