Лукашэнка абмяркуе з Пуціным расейскую авіябазу
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін 26 лістапада сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, перадае РБК.
Як паведаміў памочнік расейскага прэзідэнта Юрый Ушакоў, было ўзгоднена, што першы замежны візіт беларускага лідара пасля перавыбрання на пасаду прэзідэнта пройдзе менавіта ў Расею.
Адной з тэм сустрэчы стане стварэнне расійскай авіябазы ў Беларусі.
Відавочна, што гэтая тэма яшчэ не да канца закрытая, падкрэсліў Ушакоў.
Маючы адбыцца візіт абмяркоўваўся 16 лістапада ў час сустрэчы Лукашэнкі з надзвычайным і паўнамоцным паслом Расіі ў Беларусі Аляксандрам Сурыкавым. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што «гатовы да сур’ёзнай гутаркі на тэму беларуска-расейскіх адносін».
«Ёсць пра што пагаварыць, і адкрыта пагаварыць, каб у нас не было ніякіх недамовак, — сказаў ён. — Давайце адкрыта абмяркуем нашы і праблемныя пытанні, калі яны ёсць, і пазначым перспектыву».
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, да яго сустрэчы з Уладзімірам Пуціным можна будзе падкарэктаваць асобныя кірункі двухбаковага супрацоўніцтва, з тым «каб зняць некаторыя насцярожанасці», паедамляе БелаПАН.