Лукашэнка абнавіў кіраўніцтва цэнтральных СМІ
Аляксандр Лукашэнка 6 лютага прызначыў новых кіраўнікоў найбуйнейшых дзяржаўных СМІ.
На фота: Ігар Луцкі, Іван Эйсмант, Дзмітрый Жук і Аляксандр Лукашэнка
Прызначаныя новыя кіраўнікі Белтэлерадыёкампаніі і газеты „СБ. Беларусь сегодня” — іх узначалілі адпаведна Іван Эйсмант, былы намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі, і Дзмітрый Жук, былы гендырэктар дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА.
Кіраўнік дзяржавы таксама ўзгадніў прызначэнне Ігара Луцкага (былы першы намеснік міністра інфармацыі) на пасаду генеральнага дырэктара тэлеканала СТВ.
„Калі шчыра, з усіх кадравых прызначэнняў (а іх было, напэўна, тысячы… у гэтым кабінеце нямала) я сябе неяк няўтульна адчуваю сёння. Таму што часта даводзіцца людзей мяняць, таму што яны не справіліся з абавязкамі, больш за ўсё. І часам — з пераводам на іншую працу. Але кіраўнікі, на пасаду якіх у прынцыпе вы заступаеце, гэта людзі вельмі годныя — і Давыдзька (былы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі), і Якубовіч (былы галоўны рэдактар „СБ. Беларусь сегодня”), і Казіятка (былы кіраўнік СТВ), і многія іншыя. Людзі годныя, і ў сувязі з гэтым іх нельга страціць. Нам вельмі патрэбныя дасведчаныя людзі. Прытым людзі, якія прайшлі гэты пераломны перыяд у нашай гісторыі – дарогу ад Савецкага Саюза да незалежнай Беларусі. Людзі, якія правільна разумеюць гэты перыяд і тыя перамены, якія адбыліся”, — цытуе Лукашэнку БелТА.
На якую пасаду пераведзены былы дырэктар СТВ Юры Казіятка, не паведамляецца.
Таксама не паведамляецца, хто цяпер зойме месца Дзмітрыя Жука і ўзначаліць БЕЛТА.