Лукашэнка абвінавачвае Захад у жаданні „адсекчы” Гарадзенскую вобласць
Аляксандр Лукашэнка заявіў пра пагрозу вонкавага ўварвання з заходняй мяжы з мэтай „адсекчы” Гарадзенскую вобласць.
„Таму што яны (заходнія краіны – ІФ) паставілі мэтай перш за ўсё гэтую тэрыторыю адсекчы – гарадзенскую. Ужо польскія сцягі вывесілі нядаўна”, – заявіў Лукашэнка, якога цытуе дзяржагенства БелТА.
„Цяпер Айчына ў небяспецы. Мы не можам жартаваць. Тым больш, гэта не слабыя войскі – НАТО. Таму я папярэдзіў прэзідэнта Расеі аб сітуацыі, якая складваецца ў Беларусі. У нас поўнае паразуменне, у нас ёсць дамова ў рамках АДКБ і Саюзнай дзяржавы „, – сказаў прэзідэнт.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што „гэта не толькі беларускія праблемы, як кажуць некаторыя ў Расеі”. „Беларуская сёння праблема для Расеі не менш важная, чым для Беларусі. Атакуе Расею, перш за ўсё. Але хочуць скамячыць нас. Ці не атрымаецца! Мы дамо адпор”, – падкрэсліў ён.
Паводле яго слоў, „у гэтых умовах вымушаны быў вялікая колькасць вайскоўцаў перакінуць на заходні кірунак, асабліва ў раён Гародні”. „Заўтра вы ўбачыце. Я туды палячу інспектаваць”, – паведаміў ён.