Лукашэнка адмовіўся ад пасярэдніцтва АБСЕ



Расейскае ўмяшальніцтва ў сітуацыю ў Беларусі было б „найгоршым варыянтам з магчымых”. Такую думку выказаў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. Так французскі прэзідэнт адрэагаваў на словы прэзідэнта Расеі пра падрыхтоўку „рэзерву” з ліку супрацоўнікаў расейскіх праваахоўных органаў на выпадак абвастрэння сітуацыі ў Беларусі.

Па словах Макрона, у тэлефоннай размове з Пуціным ён наўпрост назваў непажаданым ваеннае ці паліцэйскае расейскае ўмяшальніцтва ў Беларусі. Макрон заявіў, што ён і Меркель хочуць, каб Пуцін пераканаў Лукашэнку ў неабходнасці прыцягнуць АБСЕ ў якасці пасярэдніка паміж уладамі Беларусі і пратэстоўцамі. Са слоў французскага прэзідэнта вынікае, што Пуцін данёс гэтую ідэю да Лукашэнкі, аднак той з ёю не пагадзіўся.

Паводле прэзідэнта Францыі, ні ён, ні канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель не жадаюць „паўтарэння таго, што адбылося ва Украіне” ў 2014 годзе, калі пасля масавых вулічных пратэстаў з краіны ўцёк прэзідэнт Віктар Януковіч, а Расея пад маркай „абароны расейскамоўнага насельніцтва” анексавала Крым, а затым аказала дапамогу сепаратыстам у Данбасе, што прывяло да ўзброенага канфлікту, які працягваецца да гэтага часу.